Пры гэтым нельга было абмінуць гісторый з аўтобусамі МАЗ, якія загараюцца ў Расеі.
«Мы будзем старацца так, каб нават тыя, хто ў гэтым вельмі зацікаўлены, апазыцыйныя так званыя СМІ, не піярыліся на тым, што дзесьці нейкая няспраўнасьць у нашай тэхніцы. Таму я казаў вам, у чым тут прычына: тут ня толькі канкурэнцыя, тут яшчэ і абслугоўваньне. Калі трэба будзе, мы сваю тэхніку беларускую прададзеную ў Пецярбург можам узяць на тэхнічнае абслугоўваньне. Калі трэба — і на эксплюатацыю для таго, каб цалкам потым за яе адказваць, а не „ківаць на тэхнічнае абслугоўваньне, яшчэ на кагосьці“», — сказаў ён, прыводзіць цытату «Позірк» з спасылкай на тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул Первого».
У першым паўгодзьдзі 2025 году, паводле даных расейскага боку, на рынку Расеі рэалізавана 132 аўтобусы МАЗ, што ў 2,2 раза менш, чым за аналягічны пэрыяд летась (294).
Агулам за 2024 год МАЗ рэалізаваў у Расеі 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м — 925; -45,5%).
Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца ў час руху ў Расеі і Беларусі, прычынай называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа заходнімі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.
Апошні падобны выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага толькі ў 2025 годзе аўтобусы гарэлі 14 траўня — у Варонескай вобласьці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.
Праблему зь беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасьня 2023 году на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгараньня пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасьці «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Як і на сустрэчы з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу, ён прапанаваў наладзіць тэхнічнае абслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
На прэс-канфэрэнцыі 25 кастрычніка 2024 году намесьнік галоўнага канструктара грузавой тэхнікі Менскага аўтамабільнага заводу Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгараньня тэхнікі прадпрыемства ў Расеі зьяўляецца парушэньне ўмоў і правілаў эксплюатацыі.
Паводле яго слоў, тэхніка «стала вельмі цяжкая, энэрганасычаная, таму ўмовы эксплюатацыі і правілы эксплюатацыі ніхто не адмяняў».
12 студзеня 2025 году расейскае інтэрнэт-СМІ «Фонтанка» апублікавала інтэрвію з кіраўніком Камітэту ў транспарце мэрыі Санкт-Пецярбургу Валянцінам Янакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што «пасьля першых інцыдэнтаў з узгараньнямі» МАЗу «было дадзена даручэньне» з боку віцэ-губэрнатара Санкт-Пецярбургу Кірыла Палякова разабрацца ў сытуацыі. Чыноўнік сьцьвярджаў, што беларускае прадпрыемства разьвязала праблему.
Форум