Праблемы з рахункамі трох банкаў у Беларусі вырашалі да раніцы, але кліенты надалей скардзяцца, што грошы ім не вярнулі

Ілюстрацыйнае фота

Банкаўскі працэсінгавы цэнтар а 3:40 раніцы 10 ліпеня паведаміў, што тэхнічны збой, які ўзьнік 9 ліпеня 2025 году а 9:00 у апаратна-праграмным комплексе, зьліквідаваны.

Тэрмін ліквідацыі збою, у выніку якога ў некаторых кліентаў трох беларускіх банкаў абнуліліся рахункі, некалькі разоў пераносілі.

Раніцай працэсінгавы цэнтар запэўніў, што ўсе балянсы на картках ААТ «ААБ Беларусбанк», ААТ «Белаграпрамбанк» і ААТ «Белінвестбанк» прыведзеныя ў актуальны стан:

«Апэрацыі з выкарыстаньнем картак ажыцьцяўляюцца ў штатным рэжыме».

Аднак многія людзі ў камэнтарах да гэтага паведамленьня пішуць, што грошы ім так не вярнулі або што зьявіліся новыя праблемы.

Камэнтары да паведамленьня Банкаўскага працэсінгавага цэнтру

Пазьней Банкаўскі працэсінгавы цэнтар заявіў, што калі ў кліентаў банкаў узьніклі сумневы ў актуальнасьці астачы на банкаўскай платнай картцы, трэба зьвяртацца па тлумачэньні ў банк, які выдаў картку:

«Зьвяртаем вашу ўвагу на тое, што неадпаведнасьць астачы, у тым ліку і адмоўная астача, можа ўзьнікнуць з прычынаў, не зьвязаных з узьніклым збоем, напрыклад, у выніку апрацоўкі валютна-абменных апэрацыйяў наяўнасьці зваротаў і іншых прычынах».

Пакуль няма афіцыйнага тлумачэньня, з чым зьвязаны гэты збой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кліентаў трох беларускіх банкаў абнуліліся рахункі, тэхнічны збой абяцаюць выправіць да канца дня