У Палату прадстаўнікоў унесьлі законапраект аб адказнасьці за прапаганду гомасэксуальных адносінаў, бязьдзетнасьці і зьмены полу

Пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў, архіўны здымак

Праект закону «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці», які прадугледжвае ўвядзеньне адказнасьці за прапаганду гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі, унесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС).

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП), згодна з законапраектам, прапануецца дапоўніць артыкулам 19.16 (прапаганда гомасэксуальных адносін, зьмены полу, бязьдзетнасьці, пэдафіліі).

У адпаведнасьці з гэтым артыкулам, «распаўсюд у любой форме інфармацыі ў мэтах фармаваньня ў грамадзян уяўленьняў аб прывабнасьці гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці або аб прызнаньні пэдафіліі дапушчальнай» пацягне накладаньне штрафу на фізычную асобу ў памеры да 20 базавых велічыняў (б.в) (на сёньня 840 рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка. (4200 рублёў), на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 б.в. (4200-6300 рублёў).

Пры гэтым «дзеяньне, прадугледжанае часткай першага гэтага артыкулу, якое пацягнула азнаямленьне непаўналетняга з такой інфармацыяй», пацягне накладаньне штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічынь (840-1260 рублёў) або грамадзкія працы, або адміністрацыйны арышт; для індывідуальнага прадпрымальніка — ад 100 да 150 б.в., на юрыдычную асобу — ад 150 да 200 б.в. (6.300-8.400).

З 1 студзеня 2025 году памер базавай велічыні складае 42 рублі, гэты паказчык мяняецца штогод.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі падрыхтавалі законапраект аб адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін». Раней падобны ўвялі ў Расеі

Генэральны пракурор Андрэй Швед 9 лютага 2024 году на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі паведаміў, што «з ініцыятывы органаў пракуратуры» падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду «нетрадыцыйных сямейных адносінаў».

У лістападзе мінулага году Швед паведамляў, што ў Беларусі плянуецца ўвядзеньне псыхалягічнага тэставаньня пэдагогаў на прадмет выяўленьня схільнасьці да ўчыненьня палавых злачынстваў у адносінах дзяцей.