Беларусь і Расея хочуць стварыць штучны інтэлект, заснаваны на «традыцыйных каштоўнасьцях»

Сяргей Глазьеў, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар так званай «саюзнай дзяржавы» Сяргей Глазьеў заявіў, што Беларусь і Расея створаць штучны інтэлект, заснаваны «на традыцыйных каштоўнасьцях».

«Стаіць задача распрацоўкі нашага ўласнага ШІ, які быў бы заснаваны на нашых традыцыйных каштоўнасьцях, якому можна было б давяраць, абапірацца на яго, атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю», — працытавала Глазьева беларускае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.

Паводле Глазьева, эфэктыўнасьць выкарыстаньня ШІ залежыць менавіта ад таго, як ён распрацаваны.

«Цяпер наша моладзь карыстаецца ў асноўным замежнымі чатамі ШІ — амэрыканскімі, кітайскімі. Яны адрозьніваюцца. Ня ўсе разумеюць, што, давяраючыся ШІ, мы шмат у чым паддаем сваю сьвядомасьць маніпуляцыі. Я ведаю людзей, якія проста жывуць з штучным інтэлектам, ствараюць свае артыкулы, манаграфіі, абапіраючыся цалкам на дапамогу ШІ. Аднак апошнія прыклады глыбокага тэставаньня ШІ заходняга тыпу паказалі, што адзін зь вядомых чатаў упаў у расізм, нацызм і праслаўленьне фашызму. Так што варта вельмі асьцярожна ставіцца да таго, якія каштоўнасьці закладваюцца ўнутр ШІ, гэта не адразу бачна», — сказаў Сяргей Глазьеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў навуковыя прыярытэты да 2030 года, сярод іх ШІ і біятэхналёгіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штучны інтэлект за два дні вырашыў праблему, над якой мікрабіёлягі працавалі 10 гадоў