Фрыдман: Сустрэчу Пазьняка і Лукашэнкі я магу ўявіць, а сустрэчу Ціханоўскай і Лукашэнкі — вельмі цяжка

Старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, палітоляг Аляксандар Фрыдман, былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Ілюстрацыйны каляж

Чаму расчараваны Ціханоўскі? Пра што сьведчыць яго завочная перапалка з Пазьняком. Ці адбыўся падзел дэмакратычных сілаў на два лягеры, калі адныя за перамовы, другія за працяг ціску? Як Офіс Ціханоўскай ацэньвае вынікі перамоваў адміністрацыі Трампа з уладамі Беларусі?

Ганна Соўсь абмяркоўвала найважнейшыя падзеі тыдня з гісторыкам і палітолягам Аляксандрам Фрыдманам. Таксама ў нашым эфіры старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка выклаў свае аргумэнты на карысьць працягу ціску Захаду на рэжым Лукашэнкі.

Глядзіце размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты гутаркі

— Пасьля вызваленьня Ціханоўскага палітык Зянон Пазьняк крытычна выказаўся пра Ціханоўскага, сказаўшы, што «гэты балаган праз месяц-паўтара скончыцца», а потым у камэнтарах у Фэйсбуку назваў былога палітвязьня «істотай». Сяргей Ціханоўскі на гэтым тыдні даў вялікае інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алесю Пілецкаму. У інтэрвію Ціханоўскі кажа, што мае да Зянона Пазьняка асаблівае стаўленьне праз расчараваньне, якое прынёс яму палітык. Аляксандар, ваша ацэнка гэтай завочнай перапалкі, палемікі.

— У Пазьняка, канешне, былі вельмі рэзкія выказваньні. Асабліва тое, што Ціханоўскаму відавочна не падабаецца, калі ягоны патэнцыял так нізка ацэньваецца, што праз месяц, паўтара, два месяцы пра яго забудуцца, і Ціханоўскі на гэта рэагуе досыць жорстка. Зноў жа, выказваньні, хто там звар’яцеў, не зварʼяцеў, я б камэнтаваць ня стаў бы, бо ўся гэтая дыскусія ня вельмі дарэчная. А што тычыцца заслугаў розных палітыкаў, канешне, яны прысутнічаюць.

Але калі параўнаць Ціханоўскага і Зянона Пазняка, то Зянон Пазняк застаўся ў гісторыі, гэта чалавек з 90-х. А што тычыцца Ціханоўскага, то ў яго ёсьць сурʼёзныя амбіцыі на будучыню. Пабачым, што з гэтага ўвогуле будзе. Ён прайшоў увесь гэты шлях, выйшаў зараз на волю, імкнецца нешта рабіць не для таго, каб проста рабіць. У яго ёсьць канкрэтныя мэты. Ён хоча змагацца і дасягнуць перамогі. Я думаю, што для Ціханоўскага гэта сапраўды яшчэ і асабістая гісторыя, помста рэжыму Лукашэнкі за ўсё тое, праз што прайшла ягоная сямʼя.

Яшчэ адзін пазытыўны момант я б адзначыў — такой такой палемікі, хай яна можа і ня самага высокага ўзроўню, але такой жорсткай, актыўнай палемікі апошнім часам у беларускіх дэмакратычных сілах асабліва не было, а гэта тое, што выклікае ўвагу. Калі выходзіць такое відэа, і там вядома, што ёсьць жорсткія выказваньні наконт Пазьняка, то хапае людзей, якія можа і палітыкай асабліва не цікавяцца, але скажуць: «Ну давай я пагляджу, а што там Ціханоўскі сказаў пра Пазьняка». Гэтыя эфэкты таксама важныя для тых, хто робіць палітыку.

— А як вы ацэньваеце гэты закід Пазьняка да Сяргея Ціханоўскага, што ён за кратамі не вывучыў беларускую мову? Я дадам, вот некаторыя лісты Сяргея Ціханоўскага родным мелі магчымасьць бачыць журналісты Радыё Свабода, і мы публікавалі іх. І гэтыя лісты былі на беларускай мове, ён пісаў лісты па-беларуску з турмы.

— Гаворка ідзе пра чалавека, які знаходзіўся за кратамі. Мы ўсе дакладна ведаем, у якіх умовах людзі знаходзяцца ў Беларусі за кратамі. З палітычнага пункту гледжаньня можна было б разважаць, як выкарыстаць час, калі ты хочаш быць палітыкам, но гэта іншае пытаньне. Но я лічу недарэчнымі дыскусіі пра тое, што каму трэба было зрабіць за кратамі.

Што тычыцца моўнага пытаньня, то перад намі ёсьць выдатны выпадак украінскага кіраўніка Ўладзіміра Зяленскага, які не хаваў, што ён да таго моманту, калі вырашыў для сябе абірацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, асабліва ўкраінскай мовай не карыстаўся і валодаў ёй на досыць нізкім узроўні. Сёньня мы бачым, на якім узроўні ён валодае ўкраінскай мовай і як ён выкарыстоўвае ўкраінскую мову. Так што ў гэтым сэнсе моўнае пытаньне, яно, як мне падаецца, другаснае. Калі будуць іншыя абставіны, альбо калі Ціханоўскі палічыць патрэбным, ён таксама больш актыўна будзе карыстацца беларускай мовай, будзе яе выкарыстоўваць і ў сваёй палітычнай актыўнасьці і гэтак далей. Так што я бы зьвяртаў увагу не на тое, на якой мове адробяцца адпаведныя заявы, а пра што там насамрэч ідзе гаворка.

— Гэта выглядае мала рэалістычным, але тым ня менш, зь кім з дэмакратычных сілаў улады маглі б сесьці за стол перамоваў, калі не з прадстаўнікамі АПК, Каардынацыйнай рады, офісу Сьвятланы Ціханоўскай? Ці ёсьць такія людзі?

— Калі гаварыць пра такія істотныя рэчы кшталту нацыянальнага дыялёгу, прымірэньня і іншых, то ўмоваў да гэтага ўвогуле няма. Што тычыцца тых людзей, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі і прысутнічаюць у палітычным жыцьці, ну дык Лукашэнка і паказваў, што там ёсьць, напэўна, бадай толькі адзіная пэрсона, да якой ён ставіцца, скажам, з павагай і з пэўнай цікавасьцю. Гэта Зянон Пазьняк. Ён жа віншаваў яго з днём народзінаў. Ці можам мы сябе ўявіць, каб Лукашэнка павіншаваў Паўла Латушку альбо Сьвятлану Ціханоўскую з нейкім сьвятам альбо з днём народзінаў. Гэта немагчыма сябе ўявіць.

Калі мы паглядзім, як пра таго ж Пазьняка пішуць у беларускай дзяржаўнай прапагандзе, то зразумела, што стаўленьне да яго куды больш паважнае, чым, напрыклад, да Сьвятланы Ціханоўскай. Але тут гаворка не ідзе пра нейкі дыялёг. Я магу сябе ўявіць, што Лукашэнка быў бы ня супраць сустрэцца з Пазьняком і проста паразмаўляць, бо ў іх, у іх ёсьць супольнае мінулае. Людзі ў сталым узросьце, як вядома, зьвяртаюцца да мінулага. Чаму б не паразмаўляць праз столькі гадоў. Так што ўмоўную сустрэчу Пазьняка і Лукашэнкі я магу сябе ўявіць, а сустрэчу Ціханоўскай і Лукашэнкі — вельмі цяжка. Асабліва пасьля таго, як Сяргей Ціханоўскі зрабіў адпаведныя заявы наконт будучыні Лукашэнкі, ня толькі за кратамі, гэта гісторыя пра тое, што на кол пасадзіць і іншае. Ну ці можна ўявіць там нейкія кантакты ў такіх умовах у будучыні? Хутчэй не.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.