Зяленскі хоча новага прэм’ера і трансфармацыі выканаўчай улады Ўкраіны

Юлія Сьвірыдзенка, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Юліі Сьвірыдзенцы, якая цяпер працуе першым віцэ-прэм’ерам, ачоліць урад.

Уладзімір Зяленскі напісаў у сваім Telegram-канале, што прапанаваў Юліі Сьвірыдзенцы ачоліць урад, заслухаўшы яе справаздачу аб выкананьні дамоўленасьцяў з эўрапейскімі і амэрыканскімі партнэрамі наконт падтрымкі Ўкраіны, дасягнутых на нядаўняй канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны ў Рыме.

«Мусім найхутчэй рэалізаваць усё, што можа падтрымаць устойлівасьць нашай дзяржавы і грамадзтва», — напісаў Зяленскі.

Зяленскі дадаў, што дзеля ўзмацненьня эканамічнага патэнцыялу Ўкраіны, пашырэньня праграмы падтрымкі ўкраінцаў і ўзмацненьня ўласнай вытворчасьці зброі пачынаецца «трансфармацыя сыстэмы выканаўчай улады ва Ўкраіне».

«Я прапанаваў Юліі Сьвірыдзенцы ачоліць урад Украіны і істотна абнавіць яго дзейнасьць. Чакаю прэзэнтацыі праграмы дзеяньняў новага ўраду неўзабаве», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.

У жніўні 2022 году Юлія Сьвірыдзенка ачоліла міжведамасную працоўную групу ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай санкцыйнай палітыкі. Яна вяла перамовы зь Вялікай Брытаніяй аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і ЗША падпісалі мэмарандум пра намер заключыць пагадненьне аб эканамічным партнэрстве

Што вядома пра імаверную кіраўніцу ўраду Ўкраіны

Юлія Сьвірыдзенка нарадзілася 25 сьнежня 1985 году.

  • У 2008 годзе закончыла з чырвоным дыплёмам Кіеўскі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт антыманапольнай дзейнасьці». Працавала на розных прадпрыемствах у Чарнігаве.
  • У палітыку прыйшла ў верасьні 2017 году, калі яе прызначылі спачатку выканаўцай абавязкаў, а потым першай намесьніцай старшыні Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У другой палавіне 2018 году выконвала абавязкі кіраўніка абласной адміністрацыі.
  • Пасьля прыходу да ўлады Ўладзіміра Зяленскага працавала намесьніцай міністра разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі (зь верасьня 2019 да ліпеня 2020 году).
  • У канцы сьнежня 2019 году яе выбралі кіраўніцай праўленьня Фонду сацыяльнага страхаваньня. У гэтым статусе яна да 2021 году працавала ў складзе трохбаковай кантактнай групы, якая зьбіралася ў Менску.
  • У сьнежні 2020 году перайшла ў Офіс прэзыдэнта ў статусе намесьніцы кіраўніка.
  • У 2021 годзе яе прызначылі міністрам эканомікі, а ў лістападзе таго ж году — віцэ-прэм’ер-міністрам.
  • У жніўні 2022 году Юлія Сьвірыдзенка ачоліла міжведамасную працоўную групу ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай санкцыйнай палітыкі. Яна вяла перамовы зь Вялікай Брытаніяй аб узмацненьні санкцый супраць Расеі і Беларусі.

    Сёлета адказвала за рыхтаваньне пагадненьня з ЗША аб сумеснай здабычы карысных выкапняў і стварэньні інвэстыцыйнага фонду для аднаўленьня Украіны і падпісала яго ад імя ўкраінскага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злучаныя Штаты і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб сумеснай здабычы карысных выкапняў