Мужчыну, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, экстрадавалі ў Беларусь

Яўген Казанцаў

Сам нападнік гаварыў, што напад на Латушку дазволіць яму без праблемаў вярнуцца ў Беларусь.

Грамадзянін Беларусі Яўген Казанцаў, які напаў у Варшаве на намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушку, дэпартаваны з Польшчы, паведаміў тэлеканалу «Белсат» прэс-сакратар Акруговай пракуратуры польскай сталіцы Пётр Скіба.

Здарэньне адбылося 2 ліпеня, калі Яўген Казанцаў, які прыехаў у Польшчу паводле праграмы маладых навукоўцаў, кінуў сьмецьцевым кошыкам у Паўла Латушку ў час лекцыі. У гэты дзень адбываўся ўрачысты сход у дэпартамэнце ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту. Казанцаў назваў Латушку здраднікам і крыкнуў, што той хацеў спаліць іншых апазыцыйных дзеячоў — такое абвінавачаньне раней выкарыстала прапаганда ў Беларусі. Тады сам Лукашэнка заявіў, што Латушка ў 2020-м нібыта зьбіраўся ўчыніць пажар у цэнтры Менску на сустрэчы апазыцыянэраў, каб самому ачоліць пратэсты.

Казанцаў прыняў абавязаньне аплаціць штраф у памеры 6000 злотых (каля 1670 даляраў), у памежныя органы накіравалі хадайніцтва аб выправаджэньні беларуса з Польшчы.

Свой учынак мужчына патлумачыў тым, што ў яго «скончылася віза». Паводле слоў Казанцава, ён «выгарэў і ня здолеў абараніць навуковую працу». Нападнік заявіў, што напад на Латушку дазволіць яму «свабодна вярнуцца ў Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава дэпартуе ў Беларусь нападніка на Латушку. Гайдукевіч: напады на апазыцыянэраў «будуць залічаныя пры вяртаньні»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманая ў Польшчы на запыт Менску 54-гадовая беларуска ня будзе экстрадаваная