Журналістка Тацяна Каравянкава паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што аб’яўленая ў вышук у Расеі. У картцы Каравянковай на сайце МУС Расеі не пазначана, па якім артыкуле яна абвінавачваецца.
19 сьнежня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» інфармацыйнае агенцтва «Позірк». Датычнымі да «фармаваньня» названыя Каравянкава, праваабаронца Раман Кісьляк, палітычныя аналітыкі Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман.
18 кастрычніка 2024 года стала вядома, што на маёмасьць Каравянкавай у Беларусі наклалі арышт.
Пра тое, што адбылося, Каравянкава даведалася з ліста Мінскага гарадзкога агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры.
«Апавяшчаюць, што на падставе пастановы галоўнага сьледчага ўпраўленьня цэнтральнага апарата Сьледчага камітэту ад 26.09.2024 накладзены арышт на маю нерухомую маёмасьць. Маёмасьці той — траціна долі ў дзедаўскім доме», — напісала тады журналістка.
Аб прычынах накладаньня арышту яна нічога не ведае, паколькі на электронны ліст, накіраваны ў Сьледчы камітэт, не атрымала адказу.
Каравянкава доўгі час працавала палітычным і міжнародным аглядальнікам у незалежным інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2021 годзе зьехала з Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі беларускае інфармацыйнае агенцтва «Позірк»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».