Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі паведаміў, што 14 ліпеня паразмаўляў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Паводле яго, гаворка ішла пра:
- мажлівыя пастаўкі зброі для абароны ад расейскіх удараў;
- рашэньні для ўмацаваньня пазыцыяў Украіны на фронце;
- шляхі да справядлівага і трывалага міру.
Зяленскі падзякаваў Трампу за «гатовасьць падтрымліваць Украіну» і «жаданьне працаваць разам, каб спыніць забойствы».
14 ліпеня Дональд Трамп заявіў, што ЗША перададуць Украіне новую партыю ўзбраеньняў, аплачаную саюзьнікамі па NATO, і прыгразіў Расеі жорсткімі санкцыямі, калі перамір'е ня будзе дасягнута цягам 50 дзён.
У Брусэлі адрэгавалі на заявы Трампа
На апошнія заявы Дональда Трампа адрэгавала кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас:
«Мы вельмі вітаем навіны са Злучаных Штатаў аб тым, што яны дадуць Украіне зброю, каб яны маглі абараніць сябе».
Калас таксама заявіла, што ў ЭЗ спадзяюцца дасягнуць палітычнай дамоўленасці па 18-м пакеце санкцый супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкроаіне.
«Мы вельмі і вельмі блізкія. Спадзяюся, што гэта адбудзецца сёньня».
У праекце 18-га пакета санкцый згадваюцца і беларускія банкі і кампаніі ВПК, 15 ліпеня праект будзе разглядаць Рада Эўрапейскага зьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп заявіў, што ўвядзе высокае мыта супраць Расеі, калі міру ня будзе на працягу 50 дзён, і сказаў пра пастаўку 17 сыстэм Patriot