Аляксандар Лукашэнка прызначыў палкоўніка Паўла Шабеку намесьнікам камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
У 2020 годзе Павел Шабека быў камандзірам 120‑й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады, якая дысьлякуецца ва Ўруччы, што ў Менску.
6 верасьня 2020 году, калі ў Менску праходзіў «Марш адзінства», палкоўніка заўважылі ў ачапленьні, выстаўленым на маршруце руху калёны пратэстоўцаў. Тады на вуліцах беларускай сталіцы зьявіліся вайскоўцы без апазнавальных знакаў. Імаверна, для ачапленьня таксама выкарысталі вайскоўцаў гэтай брыгады.
У 2021 годзе пад ягоным кіраўніцтвам вырашылі рэканструяваць новую разьвязку у раёне чыгуначнай пагрузачнай станцыі Азярышча ў Менску для аблягчэньня пры патрэбе перакіданьня вайсковай тэхнікі гэтай брыгады.
Павел Шабека фігураваў як камандзір 120‑й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады да канца 2022 году. Вайскоўцы гэтага фармаваньня ў пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну знаходзіліся на мяжы.
Сустрэча 120-й асобнай мэханізаванай брыгады па вяртаньні ў месца дысьлякацыі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, травень 2022 году
У траўні 2022 году Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што брыгада вярнулася ў пункт «сталай дысьлякацыі пасьля выкананьня задач узмацненьня ўчасткаў дзяржаўнай мяжы». Вайскоўцаў сустракалі з хлебам-сольлю.
З таго часу прозьвішча Шабекі ня згадвалася ў паведамленьнях Міністэрства абароны аж да цяперашняга ягонага прызначэньня на пасаду намесьніка камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі.
У сьнежні 2023 году ў публічных матэрыялах зьявілася імя Ігара Гегельскага, якога ўжо прадстаўлялі камандзірам 120-й брыгады.
У лютым 2024 году стала вядома пра абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве» намесьніка камандзіра 310-й групы артылерыі ў ідэалягічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады гвардыі падпалкоўніка Антона Чарамных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па сьмяротным артыкуле». За здраду дзяржаве судзяць падпалкоўніка, які «перажываў за Ўкраіну»