Улады прапанавалі павялічыць плошчу прыроднага помніка «Сядзіба Дзяржынскага»

Помнік Фэліксу Дзяржынскаму ў Койданаве (цяпер Дзяржынск). Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі выступіла зь ініцыятывай аб павелічэньні плошчы трох помнікаў прыроды — ельнікаў «Маларыцкія» і «Пажэжынскія», а таксама сядзібы Дзяржынскага.

Як адзначаецца ў прапанаванай для грамадзкага абмеркаваньня пастанове ведамства, улады плянуюць павялічыць:

  • на 0,16 га да 17,16 гектараў — плошчу ельнікаў «Маларыцкія»;
  • на 4,74 га да 63,26 га — ельнікаў «Пажэжынскія»;
  • на 1,47 га да 110,37 га — помніка прыроды «Сядзіба Дзяржынскага» з прылеглым участкам лесу.


А плошчу ельніку «Калінкавіцкія» прапануюць зьменшыць на 63,21 га — да 108,29 га, бо там ад засухі пацярпела 41,1% плошчы ельнікаў.

Паводле міністэрства, статус батанічных помнікаў прыроды нацыянальнага значэньня пацьвердзілі ў выніку навукова-дасьледчай працы.

Сядзіба Дзяржынскага з прылеглым участкам лесу знаходзіцца ў межах заказьніка рэспубліканскага значэньня «Налібацкі». На яго тэрыторыі растуць расьліны, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Апроч таго, у комплекс уваходзяць і «помнікі гісторыі і архітэктуры, уключаныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі», у тым ліку помнік Фэліксу Дзяржынскаму і мэмарыяльны комплекс «Дзержынова», які складаецца зь сядзібнага будынку з надворным забудовамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кастрычніцкая», «Савецкая», «Ленінская»… Чаму тапаніміку Беларусі амаль не закранула дэкамунізацыя
  • Фэлікс Дзяржынскі нарадзіўся ў 1877 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
  • Яго імя ў Беларусі носяць горад Дзяржынск (гістарычна — Койданава), раён Менскай вобласьці, праспэкт у Менску, у Койданаве стаіць помнік яму, а ў Менску, насупраць будынку КДБ, — бюст.
  • Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году Дзяржынскі ўзначальваў першую савецкую спэцслужбу — Усерасейскую надзвычайную камісію (ВЧК), якая ў гады грамадзянскай вайны разьвязала тэрор супраць людзей, якіх абвінавачвалі ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліцэю БДУ прысвоілі імя заснавальніка ВЧК-КГБ Дзяржынскага