Правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) падала ў Бундэстаг два запыты, у якіх патрабуе ад ураду ФРГ тлумачэньняў наконт падтрымкі беларускай апазыцыі і санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.
Вось што яна хоча ведаць:
- Чаму ў 2024 годзе з кіраўніцтва нямецкага фонду «Памяць, адказнасьць і будучыня» выключылі афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі? Дэпутаты сьцьвярджаюць, што гэта «палітызацыя гуманітарнай арганізацыі», і цікавяцца, ці не пацярпяць ад гэтага праекты падтрымкі ахвяраў нацызму ў Беларусі. Гэты фонд выплачвае кампэнсацыі ахвярам нацызму і падтрымлівае праекты, скіраваныя на захаваньне памяці пра злачынствы нацыстаў, а таксама на разьвіцьцё правоў чалавека і ўзаемаразуменьня.
- Ці атрымлівае фонд BySol грошы празь нямецкія бюджэтныя праграмы, у межах якіх артыкулаў і ў якіх сумах?
- Колькі грамадзянаў Нямеччыны служылі ў беларускім палку імя Каліноўскага ці дапамагалі яму? Ці заведзеныя супраць іх крымінальныя справы за ўдзел у замежных узброеных фармаваньнях?
- Якую долю з трох мільярдаў эўра, якія Эўразьвяз плянуе вылучыць для дэмакратычнай Беларусі, выплаціць Нямеччына? На што канкрэтна пойдзе фінансаваньне і як будзе кантралявацца выкарыстаньне сродкаў?
- У кантэксьце прапанаванага 100-працэнтнага мыта на расейскія і беларускія ўгнаеньні «Альтэрнатыва для Нямеччыны» патрабуе адказу, як урад зьбіраецца кампэнсаваць рост выдаткаў нямецкім фэрмэрам.
Фэдэральны ўрад Нямеччыны мае да шасьці тыдняў, каб пісьмова адказаць на гэтыя пытаньні.
Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак адрэагаваў на гэтую ініцыятыву:
«Прарасейская партыя AfD зрабіла запыт у Бундэстагу наконт фінансаваньня фонду BySol зь нямецкага фэдэральнага бюджэту і пра аб’ёмы выдаткаў на былых палітвязьняў, што знаходзяцца на тэрыторыі Нямеччыны.
Дзіўная ўвага з боку партыі, дэпутат якой зарабляе на працы палітычных арыштантаў у Беларусі. Маленькая паслуга для беларускіх госаў (дзяржаўных чыноўнікаў. — РС) за вырашчаную цыбульку?»
Пазьней Стрыжак выказаў трывогу, што адказ нямецкага ўраду сьведчыць: дэпутатам усё ж далі службовы доступ да зьвестак пра падтрымку былых палітвязьняў.
«Калі ў людзей, што атрымалі доступ да інфармацыі, ёсьць зламысныя намеры, магчымыя ўцечкі дадзеных, — напісаў ён. — BYSOL не супрацоўнічаў з урадам Германіі ў пытаньнях дапамогі былым палітвязьням, аднак я не выключаю, што такую дапамогу аказвалі іншыя арганізацыі. Патэнцыйныя рызыкі ўцечкі нельга ігнараваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат ад нямецкай прапуцінскай партыі прыехаў у Беларусь на запрашэньне Гайдукевіча«Альтэрнатыва для Нямеччыны» — правапапулісцкая партыя, заснаваная ў 2013 годзе. Яна вядомая сваёй антыміграцыйнай палітыкай, эўраскептыцызмам і нацыянальным кансэрватызмам. Некаторыя прадстаўнікі партыі выступаюць за бліжэйшыя адносіны з Расеяй. Цяпер яна мае каля 20% месцаў у парлямэнце, і яе папулярнасьць расьце. Паводле травеньскага апытаньня, за AfD прагаласавалі б ужо 25% немцаў.
3 красавіка 2025 году сябра партыі Ульрых Зынгер прыяжджаў у Беларусь на запрашэньне праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
Раней журналісцкае расьсьледаваньне паказала, што дэпутат партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ад фэдэральнай зямлі Саксонія Ёрг Дорнаў мае бізнэс у Беларусі.