«Твары размываюць, каб не выглядалі героямі», — блогер Павук пра відэа з бацькамі, паказанае Азаронкам

Блогер Андрэй Павук на прайдзе ў Вільні. 7 чэрвеня 2025

Блогер Андрэй Павук у размове з карэспандэнтам Свабоды назваў «пустой справай» завядзеньне супраць яго ў Беларусі чарговай крымінальнай справы за нібыта зьнявагу дзяржаўных сымбаляў.

Гэтак улады Беларусі адрэагавалі на тое, што 7 чэрвеня Андрэй Павук прыйшоў на прайд у Вільні ў кіцелі беларускага міліцыянта з чырвона-зялёным дзяржаўным сьцягам Беларусі.

Таксама актывіст пракамэнтаваў відэа з сваімі бацькамі, паказанае дзяржаўным прапагандыстам Грыгорыем Азаронкам.

«Калі кажуць, што гэта паводле закону, дык чаму заблюрылі твары бацькоў і чаму не пазначылі іх прозьвішчы? Нечага баяцца», — мяркуе Андрэй Павук.

Відэа з бацькамі блогера 11 ліпеня паказаў у сваім стрыме Грыгорый Азаронак. Прапагандыст разважаў пра адказнасьць сям’і за ўчынкі сваякоў, якія зьехалі зь Беларусі.

Андрэй Павук лічыць, што прымушаць да такіх відэа — цалкам незаконная справа, але адзначае, што для яго гэта прынесла пэўную карысьць.

«Нават задаволены. Бо пасьля майго зьяўленьня на прайдзе ў міліцэйскай форме не было ніякай рэакцыі — і вось зьявілася інфармацыйная нагода зноў пагаварыць пра мяне і пра маю дзейнасьць. Гэта добра! А што да крымінальнай справы, дык гэта пустое. Завялі новую справу, ну і хай сабе. Мне ад гэтага нічога», — сказаў Андрэй Павук.

Бацькі блогера — пэнсіянэры. Яны жывуць ва ўласнай кватэры ў раённым цэнтры Акцябрскі Гомельскай вобласьці. Андрэй прызнаецца, што мала кантактуе з бацькамі: з маці ў яго «пэўныя разыходжаньні» празь ягоную грамадзкую дзейнасьць, а з бацькам кантактаў даўно не было, «бо ён жыве сваім жыцьцём, абы яго не чапалі». Пра здароўе бацькоў ён адказаў, што яны «трымаюцца».

«Вядома, у бацькоў праз тую размову здароўя больш ня стала, але нібыта нармальна, добра, што хоць ня білі. Галасы гучалі нармальна», — камэнтуе Андрэй Павук пабачаны стрым Азаронка.

Блогер расказаў, як тры гады таму ГУБАЗіК для ператрусу ўварваўся ў ягоную кватэру ў Акцябрскім. Кватэра куплялася ў крэдыт і дагэтуль запісаная на ягонае імя, хаця ў ёй ніхто не жыве, крэдыт за яе ня выплачаны.

«Тады ў кватэры ўсё, што можна, разьбілі і разламалі, але ніхто за тое не адказаў. І цяпер зноў кажуць, што такія дзеяньні нібыта законныя, бо тычацца змагароў, якія ўцяклі за мяжу і адтуль шкодзяць. Дык паводле такой лёгікі, калі ўсё законна, можна зь людзьмі „пакаяльнае відэа“ рабіць? А потым яшчэ і паб’юць старых людзей — бо зноў усё па законе?» — пытаецца Андрэй Павук.

Таксама блогер зьвярнуў увагу, што твары ягоных бацькоў на відэа былі размытыя. Паводле назіраньняў Андрэя Павука, гэта не адзіны выпадак — замазваць твары ўдзельнікаў пакаяльных відэа стала прыкметай апошняга часу. Але, на думку Андрэя Павука, тут клопат не аб правах чалавека.

«Проста ня хочуць рабіць зь іх ахвяраў, баяцца, каб ня ўзьнікла спачуваньня, пачуцьця салідарнасьці. Карацей, твары блюраць, каб не выглядалі героямі», — мяркуе Андрэй Павук пра відэа, якія сілавікі запісваюць сумесна зь дзяржаўнымі прапагандыстамі.

Наконт мэты відэа зь ягонымі бацькамі ў Андрэя Павука няма сумневу: яно рабілася дзеля застрашваньня.

«Каб напалохаць, застрашыць усіх, хто дапамагае мне, прычым ня толькі тут, у эміграцыі, але і на радзіме. Але эфэкт будзе адваротным, упэўнены».

Блогер Андрэй Павук — аўтар ютуб-каналу «Рудабельская паказуха». З восені 2020 году Андрэй Павук за мяжой.

У 2024 годзе Берасьцейскі абласны суд завочна асудзіў Андрэя Павука на 12 гадоў зьняволеньня паводле шэрагу палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж Бондаравай расказаў блогеру Андрэю Павуку, за што яе пасадзілі на 13 сутак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кажуць беларусы на ЛГБТК-прайдзе ў Вільні. Фотарэпартаж