Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюджаны стэрэатып пра старэньне можа аказацца памылковым


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты даўно кажуць пра запаленьне ў арганізьме як пра натуральную частку старэньня. Але новы дасьледаваньні паказваюць, што яно можа быць і вынікам узьдзеяньня навакольнага асяродзьдзя, піша газэта The New York Times.

Запаленьне — гэта натуральная імунная рэакцыя, якая абараняе арганізм ад траўмаў або інфэкцый. Навукоўцы доўгі час лічылі, што працяглае, слаба выяўленае запаленьне зьяўляецца ўнівэрсальнай прыкметай старэньня. Маўляў, чым даўжэй жыве чалавек, тым больш ўзровень запаленьня назапашваецца ў яго арганізьме. Але новыя дадзеныя навукі ставяць пытаньне аб тым, ці запаленьне наўпрост зьвязанае са старэньнем ці яно больш выклікаецца ладам жыцьця і навакольным асяродзьдзем.

Дасьледаваньне, апублікаванае 30 чэрвеня, паказала, што людзі ў двух неіндустрыяльных раёнах мелі іншы тып запаленьня на працягу ўсяго свайго жыцьця, чым запаленьне, якое мелі гарадзкія жыхары. Навукоўцы мяркуюць, што запаленьне жыхароў неіндустрыяльных раёнаў, верагодна, зьвязана з інфэкцыямі, якія выклікаюць бактэрыі, вірусы і паразыты, а не папярэднікамі хранічных узроставых захворваньняў. Іх запаленьне не павялічвалася з узростам.

Мэдыкі параўналі маркёры запаленьня ў аналізах крыві чатырох розных папуляцый у Італіі, Сынгапуры, Балівіі і Малайзіі. Асьцярожныя вынікі паказваюць на тое, што дыета, лад жыцьця і навакольнае асяродзьдзе ўплываюць на запаленьне больш, чым само старэньне, кажа Алан Коэн, аўтар артыкулу і дацэнт катэдры навук аб навакольным асяродзьдзі і здароўі Калюмбійскага ўнівэрсытэту.

«Запаленьне можа быць ня простым прадуктам старэньня, а хутчэй рэакцыяй на індустрыяльныя ўмовы жыцьця», — мяркуе доктар Коэн.

Запаленьне адрозьніваецца ў розных месцах

Падчас дасьледаваньня навукоўцы параўналі ўзоры крыві прыкладна 2800 дарослых ва ўзросьце ад 18 да 95 гадоў. У людзей з больш індустрыяльнага рэгіёну К’янці ў Італіі і Сынгапуры былі выяўленыя тыпы бялкоў, якія сыгналізуюць пра хранічнае запаленьне.

З іншага боку, у этнічнай групы цымане ў Балівіі і групы оранг-асьлі ў Малайзіі былі розныя маркёры запаленьня, зьвязаныя, верагодна, з інфэкцыямі, а не зь бялкамі, якія паказваюць на хранічнае ўзроставае запаленьне.

«Той факт, што маркёры запаленьня былі падобныя ў групах з індустрыяльных рэгіёнаў і адрозьніваліся ад груп зь неіндустрыяльных раёнаў, зьдзіўляе, — кажа Аўрэлія Сантора, дацэнт Балёнскага ўнівэрсытэту. — Гэта сьведчыць аб тым, што імунныя клеткі актывуюцца прынцыпова рознымі спосабамі ў залежнасьці ад кантэксту».

Праблема можа быць зьвязаная з гарадзкім жыцьцём

Паколькі дасьледаваньне вывучала маркёры бялку ва ўзорах крыві, а не канкрэтныя адрозьненьні ў ладзе жыцьця або рацыёне харчаваньня, навукоўцам давялося рабіць абгрунтаваныя здагадкі аб тым, чаму індустрыяльныя групы маюць больш запаленьня, кажа доктар Коэн.

Доктар Томас МакДэйд, біялягічны антраполяг з Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэту ў ЗША, які раней вывучаў запаленьне ў групе цымане, выказаў меркаваньне, што насельніцтва ў неіндустрыяльных рэгіёнах можа падвяргацца ўздьзеяньню пэўных мікробаў у вадзе, ежы, глебе і хатняй жывёлы ў больш раньнім узросьце, што ўзмацняе імунны адказ у больш позьнім узросьце.

У той жа час людзі ва ўрбанізаваных прамысловых раёнах «падвяргаюцца ўзьдзеяньню вялікай колькасьці забруджвальных рэчываў і таксынаў», многія зь якіх маюць запаленчыя эфэкт, кажа доктар МакДэйд і дадае, што дыета і лад жыцьця могуць адыгрываць сваю ролю, бо цымане, як правіла, жывуць у невялікіх паселішчах са сваімі вялікімі сем’ямі і харчуюцца ў асноўным расьліннай ежай.

Доктар Коэн да гэтага дадае, што тыпы запаленьня могуць быць добрыя і дрэнныя. Хоць карэнныя народы сапраўды мелі запаленьне з прычыны інфэкцый, яго ўзроўні не былі зьвязаныя з хранічнымі хваробамі ў пазьнейшым узросьце. Гэта можа азначаць, што наяўнасьць запаленьня сама па сабе не такая дрэнная, як мы думалі, кажа доктар Коэн.

Пакуль застаецца няясным, ці могуць людзі штосьці зрабіць, каб кантраляваць запаленьне ў пажылым узросьце. Тым, хто хоча старэць больш здаровым, трэба лепш харчавацца і больш займацца спортам, каб рэгуляваць імунны адказ у доўгатэрміновай пэрспэктыве, замест таго, каб засяроджвацца на леках або харчовых дадатках, якія рэклямуюцца як сродак барацьбы з запаленьнем, сказаў доктар Коэн.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG