Пра гэта піша экспэрт FactCheck.by Міхаіл Дарашэвіч у артыкуле «YouTube-трафік у Беларусі як „баромэтар інфармацыйнай дэмакратыі“».
Гэтае дамінаваньне, на думку экспэрта, кажа ня гэтулькі аб тэхналягічнай модзе, колькі аб глыбокай трансфармацыі інфармацыйных паводзінаў у краіне. Сацыяльная сетка, першапачаткова задуманая як плятформа для кароткіх забаўляльных ролікаў, сёньня стала галоўнай крыніцай інфармацыі для значнай часткі беларусаў.
Цяпер аўдыторыя імкнецца да максымальна «аблегчанага» зьмесьціва, пазьбягаючы аналітыкі навінаў, забаўляльны фокус замест адукацыйнага, кароткія фарматы замест глыбокага аналізу, лякальныя трэнды замест міжнародных. Як вынік, кліпавае мысьленьне выцясьняе ўдумлівае спажываньне інфармацыі.
Эскапізм стаў для шмат каго формай псыхалягічнай абароны ад сталага ціску трывожнай рэальнасьці, лічыць Дарашэвіч. Карыстальнікі сьвядома адгароджваюцца ад складаных тэмаў, аддаючы перавагу кароткім, лёгкім і эмацыйна нэўтральным відэа.
Для мэдыяпрафэсіяналаў і правяральнікаў фактаў гэта сапраўдная зьмена эпохі. Раней асноўная аўдыторыя навінаў складалася зь людзей, якія актыўна і крытычна ўзаемадзейнічаюць з інфармацыяй. Сёньня іх месца занялі тыя, хто ня хоча ведаць.
Інфармацыйнае поле больш не стымулюе да разважаньняў — яно служыць фонам, на якім лягчэй не заўважаць непрыемнае. І ў гэтым — галоўная пагроза: дэградацыя ня толькі фарматаў, але і самой патрэбы ў асэнсаваным веданьні.
Форум