Як адзначаецца ў заяве, прадстаўнікі місіі МАГАТЭ, якія працуюць на Запароскай АЭС, чулі стрэлы цягам гадзіны, пачынаючы з 22.00 мясцовага часу.
У часе агляду месца падзеяў раніцай 13 ліпеня інспэктары МАГАТЭ пабачылі мноства гільзаў малога калібру, раскіданых на зямлі каля пятага і шостага рэактарных блёкаў. Разьбітых вокнаў і іншых фізычных пашкоджаньняў ня выявілі.
«Такая ваенная дзейнасьць на буйной атамнай электрастанцыі або паблізу яе відавочна непрымальная», — заявіў Рафаэль Гросі.
У заяве адзначаецца, што гэтыя стрэлы маглі быць зьвязаныя з атакай бесьпілётнікаў, якая адбылася паблізу Запароскай АЭС і ў горадзе Энэргадар, дзе жывуць большасьць супрацоўнікаў Запароскай АЭС.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ паўтарыў сваю «глыбокую заклапочанасьць відавочным ростам выкарыстаньня бесьпілётнікаў паблізу атамных электрастанцыяў з пачатку гэтага году» і заявіў, што такая зброя нясе відавочную рызыку ядзернай бясьпецы.
«Мы назіраем відавочную эскаляцыю ўдараў бесьпілётнікаў у часе гэтай вайны, што таксама ўплывае на атамныя электрастанцыі Ўкраіны і патэнцыйна паддае іх дадатковай небясьпецы. Як я ня раз заяўляў, кожны ваенны напад на ядзерны аб’ект — зь бесьпілётнікамі ці бязь іх — ставіць пад пагрозу ядзерную бясьпеку і павінен быць неадкладна спынены», — заявіў Рафаэль Гросі.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна трапляе пад абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліепні 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.
Форум