Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла расьсьледаваньне: як і колькі набліжаныя да Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў за кошт «Гродна Азоту»


Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Кампаніі, створаныя, каб абыходзіць санкцыі Эўразьвязу супраць дзяржаўнага прадпрыемства «Гродна Азот», сталі крыніцамі прыватнага ўзбагачэньня — за кошт заводу, яго супрацоўнікаў і Беларусі, гаворыцца ў матэрыяле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру.

Эўразьвяз наклаў санкцыі на «Гродна Азот» у сьнежні 2021 году — за рэпрэсіі супраць працоўных, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году, і за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Каб прадоўжыць экспарт у заходнім кірунку, Горадзенскі райвыканкам заснаваў камунальнае ўнітарнае прадпрыемства з афіцыйнай назвай «Гріком» (такая беларуская назва ў дакумэнтах. — РС), якое на паперы стала «незалежным вытворцам», але на практыцы выдавала азотныя ўгнаеньні «Гродна Азота» за свае ўласныя і прадавала ў ЭЗ, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Дырэктарам новай фірмы прызначылі Віктара Русака, былога начальніка аддзелу кадраў «Гродна Азоту». У 2020-м менавіта Русак узначальваў на прадпрыемстве выбарчы ўчастак, дзе Лукашэнку налічылі больш за 66% галасоў, што моцна разышлося з падлікамі незалежных назіральнікаў.

Паводле БРЦ, паслугі «Гріком» каштавалі ня больш за 1% ад адпускнога кошту азотных угнаеньняў, часам нават менш за 0,2%. У даведцы, накіраванай у Савет міністраў Беларусі, канцэрн «Белнафтахім» паведаміў пра стварэньне фірмаў для «пераадоленьня санкцыйных абмежаваньняў». Іх назвалі спэцэкспартэрамі. У дакумэнце гаворыцца, што спэцэкспартэр павінен зарабляць мінімальна — «на пакрыцьцё лягістычных выдаткаў і ажыцьцяўленьне бягучай фінансава-гаспадарчай дзейнасьці».

Аднак маштабная вайна ва Ўкраіне зьмяніла сытуацыю. За першае паўгодзьдзе 2022 году цэны на эўрапейскім газавым рынку ўзьляцелі ў 2,5 раза. Пры гэтым Беларусь працягвала атрымліваць расейскі газ па нізкіх цэнах. Паколькі газ — асноўная сыравіна для азотных угнаеньняў, беларуская азотная прадукцыя стала асабліва канкурэнтаздольнай.

У канцы лета 2022 году з прапановай дапамогі ў абыходзе санкцыяў на «Гродна Азот» прыйшла першая прыватная фірма — ТАА «Тэхнаспецтрэйдынг». Як адзначае БРЦ, уласьнік фірмы — грамадзянін Армэніі Армэн Аруцюньян, былы бізнэс-партнэр Сяргея Цяцерына, а Цяцерын — сябар і адзін з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле БРЦ, «Тэхнаспецтрэйдынг» мае гараж люксавых аўтамабіляў: BMW X5, Mercedes GLC, два BMW 750, спорткар BMW M3. Дыямэнтам калекцыі стаў Rolls-Royce Ghost. Акрамя таго, за 2022–2023 гады кампанія выдала больш як 4 млн рублёў (больш як $1,4 млн) свайму бэнэфіцыяру Армэну Аруцюньяну, дырэктару Дзьмітрыю Гошку і зьвязаным зь імі структурам.

Бізнэсовец і блогер Аляксандар Кныровіч у камэнтары БРЦ патлумачыў, што з дапамогай пазыкаў кіраўніцтва «Тэхнаспецтрэйдынгу» магло ўнікаць сплаты падаткаў:

«Звычайна такія пазыкі выплочваюцца, калі фірма ня можа выплаціць дывідэнды або калі лічыць, што дывідэнды — гэта вельмі дорага. Бо калі ты плаціш дывідэнды, ты павінен спачатку цалкам заплаціць падатак на даданую вартасьць, потым паказаць прыбытак, потым паказаць падатак на прыбытак, потым паказаць падатак на дывідэнды і толькі пасьля гэтага можаш атрымаць наяўныя грошы сабе на рахунак. У выпадку ж пазыкаў ня трэба выконваць вось гэтую тэхналёгію. Адзінае, што, вядома, зь нядаўняга часу ты павінен 13% аддаць дзяржаве. Але потым, калі ты вернеш пазыку, ты маеш права іх залічыць, гэтыя 13%. ... Заканадаўства не вызначае нейкі канкрэтны тэрмін, калі ты павінен вярнуць гэтую пазыку, тым больш уласнаму прадпрыемству. Нават калі на паперы напісана: на адзін год, на два, на пяць. Гэты тэрмін можна працягваць фактычна бясконца, праз рашэньне, напрыклад, заснавальнікаў. Якім ты сам — гэтым заснавальнікам — і зьяўляесься».

Апроч таго, такім чынам можна прыхоўваць надзвычай высокія заробкі, якія могуць не спадабацца Аляксандру Лукашэнку, дадаў Кныровіч.

Як адзначае БРЦ, некаторыя замежныя фірмы, якім «Тэхнаспецтрэйдынг» прадае азотныя ўгнаеньні, таксама належаць Армэну Аруцюньяну. Напрыклад, дубайская World Chem Trading Cо. L.L.C. або польская TST PL sp. z o. o. То бок спачатку кампанія Аруцюньяна прадае азотныя ўгнаеньні яго ж замежным фірмам, а тыя ўжо перапрадаюць іх рэальным эўрапейскім пакупнікам. Як сьведчаць рахункі, якія БРЦ перадалі сябры ініцыятывы «Рабочы Рух», гэта дае дадатковыя 17–30% нацэнкі. У выніку прыбытак прыблізна ў $140 на тоне ідзе на рахункі прыватных кампаніяў Аруцюньяна, а не ў скарбонку дзяржаўнага «Гродна Азоту».

Паводле БРЦ, у 2024 годзе схема абыходу санкцыяў пашырылася. Да яе далучылі яшчэ некалькі фірмаў-«пракладак», якія належаць да дзьвюх зацікаўленых групаў. Зь беларускага боку пастаўкі кантралююць асобы, набліжаныя да Дзьмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, і Мікалая Вараб’я, яго нафтавага «гаманца». Замежныя фірмы-пракладкі зарэгістравалі на людзей з атачэньня Віктара Шэймана, блізкага паплечніка Лукашэнкі.

Да першай групы належыць кампанія ТАА «МетаТрэйдзінгПрам». Ёю валодаюць тры асобы: Андрэй Карповіч — былы дырэктар Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, якім кіруе Дзьмітры Лукашэнка, Сяргей Пузевіч, зьвязаны зь Мікалаем Вараб’ём, Алег Алёхін — былы функцыянэр «Гродна Азоту».

Паводле БРЦ, фірма працуе паводле той жа схемы, што і «Тэхнаспецтрэйдынг»: спачатку азотныя ўгнаеньні прадаюць за мяжу кампаніям-«пракладкам», а пасьля рэальным кліентам. Фінальны кошт прадукцыі можа перавышаць адпускны нават на 70% — журналісты БРЦ знайшлі прынамсі адну такую пастаўку.

Паводле падлікаў БРЦ, паслугі прыватных фірмаў-«пракладак» абышліся ў 2024 годзе мінімум у $35 млн. Пры гэтым «Гродна Азот» атрымаў за экспарт сваёй прадукцыі ў Эўразьвяз праз спэцэкспартэраў $59 млн.

Цалкам расьсьледаваньне можна пачытаць тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG