«Мы вітаем заяву прэзыдэнта Трампа аб пастаўцы вялікай колькасьці зброі ва Ўкраіну, хоць мы хацелі б, каб ЗША падзялілі гэты цяжар», — сказала Калас пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў ЭЗ у Брусэлі. «Калі вы абяцаеце даць зброю, але кажаце, што за яе заплаціць нехта іншы, то насамрэч вы яе не даяце», — цытуе Калас агенцтва France-Presse.
Днём раней Дональд Трамп абвясьціў аб больш жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да Масквы ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Трамп даў Крамлю 50 дзён, каб спыніць баявыя дзеяньні, прыгразіўшы ў адваротным выпадку маштабнымі эканамічнымі санкцыямі.
Разам з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ Трамп таксама казаў пра пагадненьне, паводле якога эўрапейскія краіны альянсу закупяць у ЗША зброю на мільярды долараў, у тым ліку супрацьракетныя комплексы Patriot, і пасьля паставяць яе ва Ўкраіну.
Трамп даўно выступае супраць празьмернай, на ягоную думку, ролі ЗША ў пастаўках узбраеньняў Украіне. Пры гэтым NATO заяўляе, што Эўропа цяпер адказвае за большую частку зброі, якая паступае Кіеву.
Шэраг эўрапейскіх краін, а менавіта Нямеччына, Данія, Швэцыя і Нідэрлянды ўжо заявілі, што будуць ці плянуюць удзельнічаць у новай амэрыканскай праграме.
Форум