Сьцісла:
- Рэпрэсіўнасьць грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі вызначае ня толькі наяўнасьць вялікай колькасьці палітвязьняў.
- Нармалізацыя адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам у 2015-2020 гадах вызначалася нефармальнай дамоўленасьцю. Адсутнасьць рэпрэсіяў вызначалася ня літарай дамовы, а працэсамі ва ўладнай эліце Беларусі.
- Шмат чыньнікаў дзейнічаюць супраць таго, каб сцэнар 2015-2020 гадоў паўтарыўся зараз.
- Рызыкаў і пастак не пазбаўлены і варыянт з узмацненьнем ціску Захаду на афіцыйны Менск. Шматгадовыя санкцыі не зьмянілі паводзінаў Лукашэнкі, невідавочная гатоўнасьць Захаду гэты ціск істотна ўзмацніць.
- Выбар палітыкі абумоўлены сьветапоглядам, а не дакладнымі разьлікамі магчымых перавагаў і хібаў паміж рознымі варыянтамі дзеяньняў.
Эўразьвяз рыхтуе чарговы пакет санкцыяў адносна Расеі і Беларусі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неўзабаве выступіць з прамовай пра новую палітыку адносна вайны ва Ўкраіне.
Тым часам прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў спрачаюцца пра розныя варыянты заходняй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.
Візыт у Менск спэцпрадстаўніка Трампа Кіта Келага і вызваленьне Сяргея Ціханоўскага падмацавалі вэрсію пра тое, што Вашынгтон рыхтуе ўгоду з Лукашэнкам — абмен скасаваньня санкцыяў (поўнага ці частковага) на нейкія саступкі з боку афіцыйнага Менску.
Пакуль няма цьвёрдых падставаў нават меркаваць, што такая ўгода сапраўды рыхтуецца. Але цікава, якімі маглі б быць умовы такой ўгоды. Зь лютаўскай публікацыі ў New York Times вынікае, што размова ідзе пра абмен санкцыяў на вызваленьне ўсіх палітвязьняў.
Аднак варта заўважыць, што грамадзкая сытуацыя ў Беларусі вызначаецца не адно наяўнасьцю вялікай колькасьці палітвязьняў. Гэта і драконаўскае заканадаўства, і завочныя прысуды, і трактоўка пераважнай большасьці недзяржаўных арганізацыяў і СМІ як «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Ну і, зразумела, працяг рэпрэсіяў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, палітвязьняў, вызваленых рашэньнямі Лукашэнкі зь ліпеня мінулага году, было менш, чым тых, хто за гэты ж пэрыяд трапіў за краты «за палітыку».
Невядома, ці ўключыць амэрыканская дыпляматыя пажаданьне скасаваць усе гэтыя праявы рэпрэсіўнасьці ў пакет ўгоды.
Тут варта зьвярнуцца да гістарычнага досьведу, да вопыту папярэдняга раўнду нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам у 2015-2020 гадах. Тады санкцыі ЭЗ былі скасаваныя, санкцыі ЗША — замарожаныя, усе палітвязьні выйшлі на волю. І новых не набіралі. Людзей прыцягвалі да адказнасьці і пасьля заключэньня ўгоды — справа «Белага легіёну», справы ўдзельнікаў «маршаў недармаедаў», справа БелТА — але да крымінальных прысудаў не даходзіла.
Вось што распавёў пра ўмовы ўгоды дзесяцігадовай даўніны былы дыплямат, які ў 10-я гады працаваў у МЗС Беларусі і пажадаў застацца ананімным : «Ніхто, вядома ж, не абгаворваў нюансы падрабязна падчас дасягненьня першапачатковых дамоўленасьцяў. Быў агульны фрэймворк — „без палітвязьняў“. Рэжыму было няпроста стрымліваць сябе, але ён гэтую ўмову да 2020 году выконваў. Я сьвечку не трымаў, але ўмовы ўгоды, якой, натуральна, на паперы і не было, ніколі ня бачыў. І як часта бывае, трактоўкі гэтай ўгоды маглі быць рознымі ў бакоў. Але адзін галоўны прынцып у цэнтры яе разумеўся ўсімі дакладна».
Паводле суразмоўцы Свабоды, тады фармальнай, пакладзенай на паперу дамовы аб абавязаньнях бакоў не было. Было нейкае паразуменьне. І ўмовы яго вытрымліваліся.
Вынікам угоды стала іншая грамадзка-палітычная атмасфэра ў Беларусі. І некаторыя рэчы адбываліся не таму, што былі дакладна абгавораныя ў нефармальнай дамоўленасьці, а з прычыны гэтай самай зьмены атмасфэры, з прычыны зьмены расстаноўкі сілаў ва ўладнай эліце, у атачэньні Лукашэнкі. «Галубы» у яго атачэньні маглі пасьпяхова змагацца зь «ястрабамі», спасылаючыся на карысны для рэжыму плён нармалізацыі, і спрыяць далейшым пазытыўным зьменам.
Скажам, дазвол на публічнае сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дакладна ня быў часткай фармальнай ці нефармальнай угоды з Захадам у 2015 годзе. Але нейкія людзі ў атачэньні Лукашэнкі адстаялі гэтае рашэньне ў 2018 годзе. Яны наўрад ці адстаялі б падобнае рашэньне ў 2013 годзе, на 95-ю гадавіну БНР, калі ніякай ўгоды з Захадам не было.
Гістарычныя сытуацыі дакладна ніколі не паўтараюцца. Але правілы дыпляматыі, як і законы функцыянаваньня палітычных сыстэмаў, аўтарытарных у тым ліку, не мяняюцца кардынальна.
З досьведу ўгоды 2015-2020 гадоў вынікае, што гэта і тады было нефармальнае пагадненьне без дэталізацыі. Але з разьлікам на пэўную трансфармацыю рэжыму, на тое, што самая ўгода спародзіць у межах рэжыму матывацыю выконваць пагадненьне і нават ісьці далей.
Калі зараз нейкая падобная ўгода паміж Трампам і Лукашэнкам будзе заключаная, ці будуць падзеі разьвівацца, як яны разьвіваліся 10 гадоў таму? Гарантыяў ніякіх. Чыньнікаў, якія будуць гэтаму супрацьдзейнічаць, багата і яны вядомыя. Цяпер пазыцыі сілавікоў у сыстэме больш моцныя, чым былі тады. Фігуры калібру Ўладзіміра Макея, якая б адстойвала выкананьне ўмоваў гіпатэтычнай угоды, ня бачна. А тут яшчэ і вайна, і ангажаванасьць у ёй Беларусі, і значна большая, чым тады, залежнасьць ад Масквы, і тое, што тады Эўразьвяз быў рухавіком перамоўнага сцэнару, а Вашынгтон зь ім адно пагаджаўся, а цяпер ЭЗ асаблівай зацікаўленасьці ў гэтым сцэнары не дэманструе.
Словам, зашмат адрозьненьняў, шмат рызыкаў і ўсе яны не на карысьць перамоўнага сцэнару ў цяперашніх умовах.
Але і альтэрнатыўны падыход — сцэнар узмацненьня ціску — рызыкаў не пазбаўлены. У 2020-2022 гадах можна было разважаць — увядуць пякельныя санкцыі і рэжым абрынецца, капітулюе. Якія санкцыі маглі (і лічылі патрэбным) — такія і ўвялі. Рэжым на каленях не аказаўся. Цяпер, зразумела, можна, як і тры гады таму, марыць аб новых, сапраўды пякельных санкцыях і спадзявацца, што яны створаць для Лукашэнкі пекла. Але з вопыту 2020-2025 вынікае, што і тут імавернасьць посьпеху не вышэйшая, чым у перамоўнага варыянта.
Палітыка-эканамічная сыстэма, створаная Лукашэнкам, паказала сваю ўстойлівасьць да ціску санкцыяў. Расея-«карміцелька» нікуды не зьнікае, як і яе гатоўнасьць кампэнсаваць Лукашэнку і беларускай эканомікі страты ад санкцыяў. Да таго ж магчымасьцяў істотна ўзмацніць санкцыі засталося няшмат, а тыя, што засталіся, закранаюць інтарэсы самога Захаду і спараджаюць глыбокія роздумы наконт суадносінаў мэтаў і сродкаў.
Унутраная сытуацыя ў Беларусі што да правоў чалавека, зразумела, жахлівая, але краіна не спрабуе стварыць уласную зброю масавага зьнішчэньня, яе армія не нападае на суседзяў. Ужываць супраць яе самыя моцныя, «пякельныя» сродкі эканамічнага прымусу, якія не ўжываліся раней — а якая матывацыя? І не ў беларусаў, якія адстойваюць такі варыянт, а ў Захаду, які мае справу з аўтарытарнымі рэжымамі рознай ступені жорсткасьці ледзь не ў палове краінаў сьвету.
Ну і пытаньне эфэкту. І пра санкцыі, якія ўводзіліся адносна Беларусі раней, асабліва пасьля 2022 году, гаварылася, што яны ўжо пэўна спрацуюць у сэнсе зьмены палітыкі Менску. Калі істотна больш моцныя санкцыі нават будуць уведзеныя (што зусім невідавочна), з чаго вынікае, што яны дадуць плён?
У абодвух выпадках імавернасьць посьпеху ненулявая, але і рызыкі, шанцы не атрымаць нічога ці нават пагоршыць сытуацыю, вялікія. І няма ніякага заведама лепшага варыянту, перавагу якога можна было б строга даказаць дакладнымі разьлікамі.
І таму падстава для выбару — сьветапогляд. Калі адны лічаць, што Лукашэнка ўсё роўна падмане, скарыстаецца любымі саступкамі адно для ўмацаваньня сваёй сыстэмы — дык так і будуць лічыць. Дарэчы, і пасьля ўгоды 2015 году нямала людзей у Беларусі лічыла, што тагачасная куртатая лібэралізацыя — і не лібэралізацыя зусім, а адно «пацёмкінскія вёскі», каб надурыць даверлівых заходнікаў і ўмацаваць рэжым.
Іншыя лічаць, што шматгадовыя санкцыі ні да якіх пазытыўных зьменаў не прывялі, што санкцыі можна абмяняць толькі на даволі абмежаваныя саступкі рэжыму і што гэта — максымум таго, чаго можна дасягнуць у прынцыпе.
Гэта што тычыцца беларусаў і іх спрэчак.
Што тычыцца заходніх палітыкаў, уласна актараў, якія выбіраюць і рэалізуюць тую ці іншую палітыку адносна Беларусі, то там дадаюцца і іх інтарэсы. Відавочна, што Трамп інтарэсы Амэрыкі і нават усяго Захаду трактуе інакш, чым яго партнэры ў эўрапейскіх сталіцах трактуюць інтарэсы сваіх краінаў і Захаду ў цэлым. Гэтыя адрозьненьні тычацца шмат якіх сюжэтаў, беларускага ў тым ліку.
Ці можна палагодзіць гэтыя сьветапоглядныя адрозьненьні і гэтыя інтарэсы, ці можна зьвесьці да нейкага агульнага паказьніка — гэта як мінімум невідавочна. І так выглядае, што палагоджаньне адбудзецца праз барацьбу, праз сутыкненьне, празь ня вельмі дружалюбнае ўзаемадзеяньне. Хто палітычна пераможа ў гэтым змаганьні, сцэнар таго і рэалізуецца. Магчыма, з правалам ва ўсе ці некаторыя пасткі гэтага сцэнару, якіх не пазбаўлены кожны зь іх.
Форум