Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабралі сродкі на базавыя патрэбы для вывезенага ў Літву экс-палітвязьня Кірыла Балахонава


Кірыл Балахонаў.
Кірыл Балахонаў.

На сайце фонду салідарнасьці BySol сабраныя сродкі на базавыя патрэбы для 21-гадовага былога палітвязьня Кірыла Балахонава.

Збор працягнецца яшчэ 47 дзён, зараз на рахунку 3.117 эўра з заяўленых 3.100.

Ураджэнец гораду Буда-Кашалёва (Гомельская вобласьць) Балахонаў вучыўся ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы, калі ўступіў у антываенную тэлеграм-групу «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», дзе яе ўдзельнікі абменьваліся інфармацыяй аб перамяшчэньні расейскай тэхнікі, пісалі антываенныя паведамленьні.

1 лістапада 2022 году МУС прызнала групу «экстрэмісцкім фармаваньнем», праз тыдзень 18-гадовага на той момант Балахонава затрымалі. Ён быў асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня па арт. 361(1) (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і 361(4) (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу.

«Я трапіў у ВК № 1 (Наваполацак, Віцебская вобласьць). Пра тыя ўмовы складана расказаць без дрыжыкаў. Цябе там не зьбіваюць наўпрост, але кожны дзень ператвараецца ў выпрабаваньне. Ціск, зьнявагі, пастаянны страх і адзінота. Лісты даходзілі не заўсёды. Часам проста хацелася праваліцца скрозь зямлю. А 21 чэрвеня 2025 году мяне нечакана вызвалілі. Гэта было пасьля візыту спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША. Мяне і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, адразу вывезьлі ў Літву. Я апынуўся ў іншай краіне, на волі, але з адным пашпартам, бяз грошай, бяз рэчаў, без паняцьця, што рабіць далей», — адзначае экс-палітвязень у суправаджальным паведамленьні да збору сродкаў.

Ён падкрэсьлівае, што грошы яму патрэбныя на базавыя патрэбы, каб «пратрымацца і не праваліцца ў галечу ў першы ж месяц на волі».

Раней за дзевяць гадзін на сайце BySol былі сабраныя сродкі для былой палітзьняволенай, экс-выкладчыцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсятэту Натальлі Дулінай.

Менш чым за суткі была сабраная неабходная сума для 64-гадовага былога палітвязьня, біёлга Сяргея Шэлега.

Дуліна, Шэлег і Балахонаў былі вывезеныя ў Літву ў складзе групы з 14 зьняволеных, вызваленых у дзень візыту ў Менск спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па Ўкраіне Кіта Келага. У групу, сярод іншага, уваходзілі блогер Сяргей Ціханоўскі і былы карэспандэнт расейскай і беларускай службаў Радыё Свабода Ігар Карней.





Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG