Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне падабаецца, што я ня толькі хатняя гаспадыня». Ціханоўская расказала Свабодзе, як зьмянілася яе жыцьцё пасьля вызваленьня мужа


Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія. Вільня, 22 чэрвеня 2025
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія. Вільня, 22 чэрвеня 2025

Як зьмянілася жыцьцё Сьвятланы Ціханоўскай пасьля пасьля 21 чэрвеня? Якія хатнія і працоўныя абавязкі ў першага джэнтэльмэна Беларусі? Пра што спрачаюцца Ціханоўскія? Як зьмяніліся за пяць гадоў Сяргей і Сьвятлана?

Пра гэта ў эфіры «ПіКа Свабоды» Ганна Соўсь гаворыць зь лідэркай дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Сьвятлана, ваша першае фота зь Сяргеем на волі, калі вы трымаецеся за рукі, было перапошчанае сотні разоў. Людзі радаваліся за вашу сям’ю і эмацыйна рэагавалі. Цяпер з большага ў цэнтры ўвагі Сяргей і ягоныя ініцыятывы. А я вельмі хацела вас распытаць пра тое, як зьмянілася ваша жыцьцё і праца пасьля 21 чэрвеня. Што зьмянілася, а што засталося ранейшым?

— Для мяне асабіста шмат зьмянілася, бо вызваленьне Сяргея, якога мы так доўга чакалі, гэта мая асабістая радасьць, як і гэтыя пяць гадоў былі маім асабістым болем. Але, думаючы пра Сяргея тады і зараз, ты ўсё роўна ня можаш пазбавіцца ад думак пра іншых людзей, бо ў нашай барацьбе няма асабістага і няма чыесьці яшчэ болі. Гэта наш агульны боль. І мне бывае нават неяк сорамна, што Сяргей ужо побач, што мае дзеці могуць абдымацца зь ім, што мы можам камунікаваць, а тысячы дзяцей ня могуць камунікаваць са сваімі бацькамі, тысячы маці чакаюць сваіх сыноў з турмаў, і таму ты гэтую радасьць ня можаш цалкам адчуць. І мая задача застаецца той жа самай, што і да вызваленьня Сяргея.

Я хачу, каб тое, што я адчувала 21 чэрвеня, спазналі ўсе астатнія сем’і, усе астатнія палітвязьні, якія змогуць абняць сваіх родных. У мяне асабіста, канешне, зьвіліся новыя сілы і новая энэргія змагацца за ўсіх астатніх. Зараз я сябе больш упэўнена адчуваю, калі побач мой муж.

— Раскажыце, як пачынаецца ваш дзень, калі вы абодва дома? Хто гатуе сьняданак, хто прыносіць каву ці чай?

— Так здарылася, што Сяргей вельмі дрэнна сьпіць. Пасьля турмы ён прасыпаецца ў 4-5 гадзін ранку, вельмі ціхенька заходзіць у другі пакой, каб мяне не турбаваць. Сам сабе гатуе каву, сам сьнедае і ўжо калі я прачынаюся, можа мне нешта прыгатаваць. Тут залежыць ад таго, ці сьпяшаемся мы, ці мы едзем у адно месца ці па розных. То бок дзень на дзень не падобны. Я бачу, як ён стараецца хутчэй скончыць справы, каб правесьці час і зь дзеткамі, пагуляць, паразмаўляць зь імі. У нас усё роўна больш камунікацыі па справах. У яго шмат ідэй, шмат ініцыятыў. Ён са мной раіцца, што дзе я магу дапамагчы, што ён хоча рабіць. То бок усё роўна нейкія працоўныя больш адносіны.

— Так не было да 2020-га году?

— Да 2020-га году мы жылі больш рознымі жыцьцямі, бо Сяргей шмат працаваў, шмат езьдзіў, і насамрэч мы ня так часта і бачыліся, можа па выходных, калі ён вяртаўся дадому. Заўжды быў вельмі заняты. А я наадварот, была пастаянна дома, мы праходзілі з сынам працэс рэабілітацыі. Я была такая дамашняя, заўжды яго чакала са смачнай ежай, дбала пра яго. А зараз мы разьмяркоўваем нашы абавязкі. Канешне, тут розьніца радыкальная на сёньняшні момант, але мне падабаецца, што ў мяне ёсьць іншая функцыя і я ня толькі хатняя гаспадыня, якая глядзіць за дзецьмі, за мужам, але ёсьць і абавязкі, адказнасьці. Ён ставіцца да гэтага з павагай і пяшчотай.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG