Аб ударах па ўрадавых аб’ектах у Сырыі раней таксама заявілі прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньяху, міністар абароны Ісраэль Кац і прэсавая служба ЦАХАЛ. Згодна з заявамі, удары былі нанесеныя для абароны прадстаўнікоў грамады друзаў у горадзе Эс-Сувэйда на паўднёвым захадзе Сырыі. Ізраіль падтрымлівае друзаў у канфлікце з сырыйскімі ісламісцкімі фармаваньнямі.
Напярэдадні ў горадзе, у якім пражываюць у асноўным друзы, некалькі дзясяткаў чалавек былі забітыя ў сутыкненьнях паміж бэдуінскімі плямёнамі і мясцовымі баевікамі. Таксама ў сутыкненьнях удзельнічалі вайскоўцы сырыйскай арміі, якія ўвайшлі ў горад. У Эс-Сувэйдзе ўвялі камэнданцкую гадзіну. Адзін з лідэраў друзаў шэйх Хікмат аль-Хаджы абвінаваціў урад Сырыі ў парушэньні перамірʼя і бамбардзіроўцы гораду. Сырыйскія вайскоўцы заяўляюць, што адкрываюць толькі агонь у адказ.
Паводле заявы Сырыйскай абсэрваторыі па правах чалавека (SOHR), у выніку сутыкненьняў загінулі не менш за 200 чалавек.
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у аўторак нанесла ўдары па сырыйскіх вайскоўцах у раёне Эс-Сувейды. У заяве вайскоўцаў было сказана, што Ізраіль «адданы прадухіленьня шкоды друзам» у Сырыі з прычыны «глыбокага братэрскага саюзу з нашымі суграмадзянамі-друзамі ў Ізраілі».
Сутыкненьні таксама адбыліся на мяжы анэксаваных Ізраілем Галянскіх вышыняў і Сырыі. Паведамляецца, што дзясяткі друзаў спрабуюць прарвацца з Сувэйды на кантраляваную Ізраілем тэрыторыю, у той жа час сотні друзаў, якія жывуць на Галянах, спрабуюць патрапіць на тэрыторыю пад кантролем Сырыі, дзе адбываюцца сутыкненьні.
Сутыкненьні ў Сувэйдзе сталі першым выпадкам міжканфэсійных сутыкненьняў пасьля зрынаньня ўраду Башара Асада ў сьнежні 2024 года.
У 2010 годзе, да пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі, грамада друзаў налічвала каля 700 тысяч чалавек, што складала каля 3% насельніцтва. Амаль палова зь іх жыла ў правінцыі Эс-Сувэйда. Там друзы складалі каля 90% насельніцтва. Грамаду друзаў падтрымлівае Ізраіль. У сьнежні 2024 года, пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада, друзы папрасілі Ізраіль далучыць да сябе шэсьць іх вёсак.
Форум