Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, да прызначэньня новага кіраўніка ўраду і міністраў Дзяніс Шмыгаль і кіраўнікі міністэрстваў працягваюць выконваць свае абавязкі.
Раней паведамлялася, што галасаваньне аб зацьвярджэньні новага складу Кабінэту міністраў і яго кіраўніка адбудзецца 17 ліпеня.
Учора, 15 ліпеня, Дзяніс Шмыгаль абвясьціў аб сваёй адстаўцы. Гэтаму папярэднічала заява прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб неабходнасьці трансфармацыі выканаўчай галіны ўлады на чале з новым прэм’ерам.
Гэтую пасаду ён прапанаваў Юліі Сьвірыдзенцы, якая вяла перамовы зь Міністэрствам фінансаў ЗША аб пагадненьні па сумеснай здабычы карысных выкапняў і стварэньні інвэстыцыйнага фонду для аднаўленьня Украіны, яна ж і падпісала гэты дакумэнт ад імя ўкраінскага ўраду.
Што вядома пра імаверную кіраўніцу ўраду Ўкраіны
Юлія Сьвірыдзенка нарадзілася 25 сьнежня 1985 году.
- У 2008 годзе закончыла з чырвоным дыплёмам Кіеўскі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт антыманапольнай дзейнасьці». Працавала на розных прадпрыемствах у Чарнігаве.
- У палітыку прыйшла ў верасьні 2017 году, калі яе прызначылі спачатку выканаўцай абавязкаў, а потым першай намесьніцай старшыні Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У другой палавіне 2018 году выконвала абавязкі кіраўніка абласной адміністрацыі.
- Пасьля прыходу да ўлады Ўладзіміра Зяленскага працавала намесьніцай міністра разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі (зь верасьня 2019 да ліпеня 2020 году).
- У канцы сьнежня 2019 году яе выбралі кіраўніцай праўленьня Фонду сацыяльнага страхаваньня. У гэтым статусе яна да 2021 году працавала ў складзе трохбаковай кантактнай групы, якая зьбіралася ў Менску.
- У сьнежні 2020 году перайшла ў Офіс прэзыдэнта ў статусе намесьніцы кіраўніка.
- У 2021 годзе яе прызначылі міністрам эканомікі, а ў лістападзе таго ж году — віцэ-прэм’ер-міністрам.
- У жніўні 2022 году Юлія Сьвірыдзенка ачоліла міжведамасную працоўную групу ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай санкцыйнай палітыкі. Яна вяла перамовы зь Вялікай Брытаніяй аб узмацненьні санкцый супраць Расеі і Беларусі.
Форум