Падзеі ўнутры краіны і крокі, зробленыя Расеяй, сьведчаць пра скаардынаваную палітыку культурна-моўнай экспансіі, скіраваную на выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў жыцьця. Гэтая тэндэнцыя набывае ўсё больш сыстэмны і агрэсіўны характар, адзначае ў справаздачы Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.
5 чэрвеня 2025 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін правёў паседжаньне Рады рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне расейскай мовы і моваў народаў Расеі, на якім сярод прыярытэтаў была абвешчана неабходнасьць папулярызацыі расейскай мовы за межамі РФ і захаваньня кірыліцы ў публічнай прасторы. Беларусь адкрыта згадваецца як зона ўплыву. І гэта ня проста дэклярацыі — у краіне дзейнічаюць 27 арганізацыяў «суайчыньнікаў», фінансаваных праз амбасаду РФ у Менску, а таксама чатыры «Расейскія дамы» — у Менску, Берасьці, Горадні і Гомлі, якія зьяўляюцца філіяламі фэдэральнага агенцтва «Россотрудничество» — інструмэнту «мяккай сілы» Крамля, які знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ЗША.
Як падкрэсьлівае гісторык Павал Церашковіч, прысутнасьць гэтых структураў робіць стан беларускай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасьці «вельмі небяспечным». У сваю чаргу, дасьледнік Павал Баркоўскі адзначае, што каля 40% беларусаў знаходзяцца пад устойлівым інфармацыйным уплывам расейскіх СМІ, а расейскі культурны кантэнт дамінуе на беларускім рынку.
Афіцыйная палітыка Беларусі працягвае падтрымліваць гэту экспансію. Беларуская мова па-ранейшаму маргіналізаваная ў сыстэме адукацыі: менш за 10% школьнікаў вучацца па-беларуску, скарачаецца колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня, выціскаюцца беларускія падручнікі. Зьявіліся прыклады цэнзуры ў навучальных матэрыялах: згадкі пра бітву пад Воршай выдаляюцца, а постаць Кастуся Каліноўскага дыскрэдытуецца.
Зьмяняецца і стратэгія інфармацыйнай вайны: калі раней Расея дзейнічала празь мясцовыя эліты, то цяпер яна непасрэдна ўлівае фінансавыя і інфармацыйныя рэсурсы ў Беларусь. Паводле Аляксея Ластоўскага, такі падыход скіраваны на падрыў гістарычнай памяці і фармаваньне ляяльнасьці да «русского мира», у тым ліку праз канцэпцыю «генацыду савецкага народу», якая замяняе беларускі нацыянальны наратыў.
Сфэра вышэйшай адукацыі таксама адкрытая для расейскага ўплыву: у 2025 годзе Беларусь выдзеліла 1000 бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў, а таксама плянуе абмен каля 50 прафэсараў паміж краінамі.
На гэтым фоне працягваецца крыміналізацыя любой дзейнасьці, зьвязанай зь беларускай мовай і культурай. Шыльды на беларускай мове, беларускамоўныя выданьні, адукацыйныя і прыродаахоўныя ініцыятывы абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», а іх арганізатары зазнаюць перасьледу. Гэта стварае беспрэцэдэнтную сытуацыю, калі нацыя становіцца мішэньню палітыкі ўласнай дзяржавы, а мова — аб’ектам вынішчэньня.
Выпадкі моўнай дыскрымінацыі за першую палову 2025 году
8 студзеня праўладная актывістка Вольга Бондарава апублікавала ў сацыяльных сетках допіс, у якім раскрытыкавала беларускамоўную адукацыю ў сельскіх школах. Паводле яе сьцьверджаньняў, навучаньне на беларускай мове нібыта абмяжоўвае магчымасьці выпускнікоў паступаць у тэхнічныя ВНУ. У якасьці аргумэнту яна спаслалася на патрэбу рыхтаваньня спэцыялістаў для вытворчасьці тавараў падвойнага прызначэньня, адзначыўшы: «Вайна на парозе, а спэцыялістаў няма».
10 студзеня Бондарава выступіла з крытыкай выкарыстаньня толькі беларускай мовы ў выбарчых бюлетэнях на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Яна назвала такую практыку «дыскрымінацыяй расейскай мовы» і падала адпаведную скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.
16 студзеня прадпрыемства «Менскі холадакамбінат № 2», уласьнік сеткі крамаў «Радзівілаўскі», правяло рэбрэндынг і замяніла надпіс на лягатыпе зь беларускай мовы на расейскую.
1 лютага навуковец з Гомля А. Сакалоў апублікаваў дасьледаваньне, у якім паказаў, што вынікі перапісу насельніцтва 2019 году былі штучна скаардынаваныя ў палітычных інтарэсах. Паводле яго высноваў, улады завысілі колькасьць насельніцтва і долю беларускамоўных (родная і мова зносін) — у тым ліку за кошт нацыянальных меншасьцяў — каб стварыць патрэбную карціну. У рэальнасьці, адзначае аўтар, беларуская мова не падтрымліваецца, няма поўнай беларускамоўнай адукацыі, зьнішчаюцца незалежныя выдавецтвы і культурныя праекты, а актывісты зазнаюць перасьледу.
5 лютага блогерка Capitoshka выклала відэа ў TikTok пра тое, што працоўны сшытак па беларускай мове для 2 клясы (аўтарка Алена Дамасевіч) надрукаваны з памылкамі і абдрукоўкамі. Міністэрства адукацыі адказала, што сшытак ня мае грыфу Міністэрства і не зьяўляецца абавязковым для выкарыстаньня ў навучаньні, але паабяцала правесьці праверку і выключыць з продажу выданьні з памылкамі.
13 лютага, напярэдадні 104-годзьдзя з дня нараджэньня беларускага пісьменьніка Івана Мележа, у гарадзкім парку Хойнікаў на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёну» быў усталяваны памятны знак клясыку беларускай літаратуры. Надпіс на памятным знаку зроблены на расейскай мове.
15 лютага ў інтэрвію каналу «ЧестнОК-LIVE» настаўніца матэматыкі Тацяна Карпяневіч (выехала зь Беларусі пасьля даносу праўладнай актывісткі Бондаравай) паведаміла, што яе знаёмага беларускамоўнага калегу затрымалі падчас акцыі пратэсту і катавалі супрацоўнікі ГУБАЗіК — апускалі галавой ва ўнітаз выключна за выкарыстаньне беларускай мовы.
19 лютага, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на асобных маршрутах грамадзкага транспарту ў Менску абвесткі пачалі гучаць на расейскай мове замест беларускай. Пры канцы 2024 году прарасейская актывістка Бондарава патрабавала ад «Менсктрансу» зрабіць абвесткі двухмоўнымі. Тады прадпрыемства адказала, што гэта тэхнічна немагчыма. Аднак новыя зьвесткі сьведчаць, што патрабаваньне, відавочна, часткова задаволена: расейскамоўныя абвесткі ўведзены.
21 лютага Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў матэрыял, прысьвечаны Дню роднай мовы, у якім зафіксаваны выпадкі пакарання палітвязьняў за выкарыстаньне беларускай мовы. Паведамляецца, што ў Магілёўскай калёніі № 15 журналіста і дасьледніка Дзяніса Івашына (асуджанага да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўленьня волі) неаднаразова каралі за размовы па-беларуску. Спачатку яго зьмясьцілі ў ШЫЗА, пасьля — у ПКТ, а затым перавялі ў турму № 1 у Горадні.
Падобныя выпадкі фіксаваліся і ў дачыненьні Вольгі Маёравай (прысуджана да 21 году і 6 месяцаў пазбаўленьня волі, прызнана палітвязьняволенай), якая адбывае пакараньне ў ПК № 24 у Зарэччы. Пра сыстэмную дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы расказала палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, вызваленая 1 лютага.
2 сакавіка прарасейскі палітоляг і заходнерусіст Усевалад Шымаў абурыўся тым, што пэрсанал парку гісторыі «Сула» размаўляе выключна па-беларуску і адмаўляецца пераходзіць на расейскую мову. Ён наведаў парк разам з гасьцямі з Масквы і адкрыта выказаў сваё незадавальненьне такой мовай абслугоўваньня.
21 сакавіка выданьне «Флагшток» паведаміла, што «Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацый Рагачоўскага раёну» праводзіць дзяржаўную закупку мастацкай літаратуры для Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ўладзіміра Караткевіча. За 7 тысяч беларускіх рублёў плянуецца набыць 3475 кніг — усе на расейскай мове. Беларускія кнігі не закупляюцца нават для бібліятэкі, названай у гонар клясыка беларускай літаратуры. Раённы бюджэт выкарыстоўваецца для камплектацыі пераважна расейскамоўнымі дзіцячымі выданьнямі, такімі як «Колобок», «Царевна-лягушка» і інш.
2 красавіка пакупнікі заўважылі, што вытворца кандытарскіх вырабаў «Віцьба» маркіруе сваю прадукцыю толькі на кітайскай і расейскай мовах, цалкам ігнаруючы беларускую. Гэта выклікала абурэньне спажыўцоў, бо маркіроўка на дзяржаўнай мове краіны адсутнічае нават на прадукцыі, прызначанай для ўнутранага рынку.
3 красавіка тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» паведаміў, што ў Салігорску мігрантаў з Афрыкі навучаюць выключна расейскай мове. Гэта прадстаўляецца як частка праграмы іх культурнай адаптацыі. Беларуская мова пры гэтым цалкам ігнаруецца, што сьведчыць пра працяг русыфікацыйнай палітыкі нават у адносінах новых жыхароў краіны.
7 красавіка Ўладзіслаў Ефімовіч (асуджаны 7 ліпеня 2023 году да 3 гадоў і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па арт. 361-1 КК — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, і арт. 361-4 КК — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, вызвалены 20 студзеня 2025 году) расказаў ПЦ «Вясна», што ў Магілёўскай калёніі № 15 негалосна забаранялася вывучаць шэраг моў — польскую, чэскую, латыскую і асабліва ўкраінскую, якая называлася «мовай ворагаў». Вывучаць ангельскую мову дазвалялася. Палітвязень расказаў, што меў падручнікі па польскай і чэскай мовах, вучыўся цішком і хаваў матэрыялы пад матрац. Калі сшытак быў знойдзены супрацоўнікам калёніі, яго пакаралі 10 суткамі ШЫЗА. Таксама, паводле яго слоў, у ШЫЗА каралі і іншых зняволеных, якія спрабавалі вывучаць турэцкую мову. У калёніі існавалі курсы «ЕШКО», аднак палітвязьням карыстацца імі было забаронена.
9 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Дакумэнт цалкам выкладзены на расейскай мове. У ім сьцьвярджаецца, што Беларусь атрымала незалежнасьць толькі дзякуючы прэзыдэнцкай форме кіраваньня, а таксама прапагандуецца мадэль фармальнага двухмоўя з фактычным дамінаваньнем расейскай.
14 красавіка акторка Коласаўскага тэатру ў Віцебску Ксенія Камінская ў відэа на TikTok адзначыла, што многія акторы тэатру слаба валодаюць беларускай мовай, што стварае цяжкасьці падчас імправізацыі на сцэне, калі забываецца тэкст.
11 траўня, у Дзень дзяржаўных сымбаляў Беларусі, у Бярозе была ўсталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар прэзыдэнта Акадэміі навук Беларусі Паўла Горына (Каляды) на доме № 1 па вуліцы, якая носіць ягонае імя. Павал Горын быў арыштаваны НКУС і расстраляны па абвінавачаньні ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Мэмарыяльная дошка выкананая цалкам на расейскай мове.
13 траўня стала вядома, што паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, скарацілася з 135 523 у 2014 годзе да 88 885 у 2024 годзе. Адначасова колькасьць навучэнцаў на расейскай мове вырасла на 22,6% і дасягнула 991 274 чалавек.
15 траўня настаўніца беларускай мовы зь невялікага мястэчка Натальля (імя зьменена зь меркаваньняў бясьпекі) расказала «Радыё Свабода», што сытуацыя зь беларускай мовай у школах застаецца вельмі дрэннай. Паводле яе слоў, школа, у якой яна працуе, афіцыйна лічыцца беларускамоўнай, але на практыцы большасьць настаўнікаў выкладае прадметы на расейскай мове. Настаўніца тлумачыць гэта недахопам кваліфікаваных кадраў, здольных выкладаць па-беларуску.
21 траўня тэлеграм-канал «Мая Краіна Беларусь» заўважыў, што ў мабільным дадатку таксі-сэрвісу А1 даступныя самыя розныя мовы — у тым ліку татарская і абхаская — але адсутнічае беларуская.
27 траўня пасьля перапынку на YouTube вярнулася праграма «Падарожжа дылетанта» — відэапраект, у якім Юры Жыгамонт падарожнічае па беларускіх мястэчках, гаворачы пра іх гісторыю, архітэктурныя асаблівасьці, мясцовыя традыцыі і легенды. Аднак прарасейскія прапагандысты Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін распачалі публічную кампанію цкаваньня і абвінавацілі аўтара ў антыдзяржаўнай дзейнасьці.
29 траўня ААТ «Пастаўскі малочны завод» у адказ на зварот праваабаронцы і моўнага актывіста Ігара Случака паведаміў, што не плянуе маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску, бо «няма месца на ўпакоўцы». Прадпрыемства таксама ня мае беларускамоўнай вэрсіі сайту і не зьбіраецца яе ствараць, як і ўвогуле не плянуе на 2025 год ніякіх захадаў па пашырэньні ўжываньня беларускай мовы. Падобны адказ Ігар Случак атрымаў таксама ад УП «Блік» зь Менску.
31 траўня на вуліцах гістарычнага цэнтру Віцебску зьявіліся шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. Перайменаваньня не адбывалася, ініцыятыва насіла інфармацыйны і культурна-асьветніцкі характар. Аднак гэта выклікала незадаволенасьць з боку прыхільніцы «русского мира» Эльвіры Мірсалімавай, якая абвінаваціла мясцовыя ўлады ў «змагарстве».
2 чэрвеня Ігар Случак апублікаваў некалькі адказаў ад беларускіх прадпрыемстваў адносна выкарыстаньня беларускай мовы. ААТ «Маларыцкі кансэрвава-гароднінасушыльны камбінат» паведаміла, што маркіруе сваю прадукцыю на казаскай мове для казаскага рынку, але не плянуе маркіроўкі па-беларуску для беларускага рынку. Філіял «Наваградзкія дары» ААТ «Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат» адмовіўся ўжываць беларускую мову на ўпакоўцы, спаслаўшыся на малыя памеры спажывецкай тары. ААТ «Лідзкая абутковая фабрыка» ў адказе адзначыла, што на 2025 год не прадугледжана ніякіх дзеяньняў па пашырэньні ўжываньня беларускай мовы ў яе дзейнасьці.
11 чэрвеня жанчыне, якая размаўляе на беларускай мове і хацела ўладкавацца на працу ў дзіцячы цэнтар разьвіцьця «Kids. Сокровища нации», было адмоўлена праз моўную прыналежнасьць. Дырэктарка ўстановы паведаміла, што цэнтар зьяўляецца выключна расейскамоўным, і параіла шукаць працу ў беларускамоўным дзіцячым цэнтры.
18 чэрвеня пад відэа беларускай блогеркі, якая вядзе свой канал у сацыяльных сетках па-беларуску, зьявіліся абуральныя камэнтары ад карыстальнікаў з Расеі. Яны сьцьвярджалі, што не разумеюць мовы відэа, абвінавачвалі дзяўчыну ў «перакручваньні расейскай мовы» і раілі «папрацаваць над слэнгам», нягледзячы на тое, што яна выкарыстоўвала беларускую мову.
22 чэрвеня 2025 года памёр Радзім Гарэцкі — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомы геоляг, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, пляменьнік клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Пасьля пахаваньня на яго магіле быў усталяваны крыж з надпісам выключна на расейскай мове.
Заканчэньне
Беларуская мова працягвае выцясьняцца з публічнай прасторы, а яе носьбіты — сутыкацца з праявамі дыскрымінацыі. Агляд — ня толькі фіксацыя фактаў, але і спроба адказаць на іх: праяўленьнем салідарнасьці, сьведчаньнем праўды і павагай да тых, хто не зламаўся, адзначаюць аўтары дакумэнту.
Калі вы ведаеце пра выпадкі парушэньня моўных правоў, якія не былі зафіксаваныя ў гэтым аглядзе, дасылайце іх на naszamova@gmail.com.
Форум