Ціханоўская на сустрэчы ў Парлямэнцкай асамблеі NATO: Вызваленьне Сяргея паказала — ціск працуе

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Брусэлі, 25 чэрвеня 2025 году

Сьвятлана Ціханоўская выступіла на сэмінары Парлямэнцкай асамблеі NATO і Эўрапарлямэнту. Яна заявіла, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да пераменаў у Беларусі, заклікала не саступаць Лукашэнку і падзякавала за вызваленьне свайго мужа.

15 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская выступіла на сэмінары Парлямэнцкай асамблеі NATO і Эўрапейскага парлямэнту. Форум у Брусэлі быў прысьвечаны дэмакратычнай устойлівасьці і супрацы Эўропы і NATO.

На ім Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, заявіла:

«Сёньня я выступаю ня толькі як лідэрка дэмакратычнай Беларусі, але і як шчасьлівая жонка. Месяц таму мой муж быў вызвалены з лукашэнкаўскага ГУЛАГу. Ён перажыў катаваньні і поўную ізаляцыю. Ён зьмяніўся фізычна — худы, зьнясілены, нездаровы. Ён страціў палову сваёй вагі. Мая дачка зусім не пазнала свайго тату. Яна ня бачыла яго пяць доўгіх гадоў. Але ўнутры ён той самы Сяргей, які распачаў пратэсты ў 2020 годзе і натхніў мяне балятавацца ў прэзыдэнты», — сказала Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што вызваленьне мужа дало новы імпульс дэмакратычнаму руху.

«Вызваленьне Сяргея паказвае, што ўсё магчыма, калі мы застаемся зьяднанымі, пасьлядоўнымі і сьмелымі. Яго вызваленьне паказвае, што ціск у спалучэньні з салідарнасьцю і непублічнай дыпляматыяй працуе».

Яна таксама адзначыла ролю амэрыканскай адміністрацыі і прэзыдэнта Дональда Трампа, якім «удалося вызваліць Сяргея, ня даўшы дыктатару нічога, хіба што магчымасьць сфатаграфавацца з спэцыяльным пасланьнікам Келагам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваньне з 2020 году я праз турму пранёс, яно ня згасла». Вялікае інтэрвію Сяргея Ціханоўскага

Ціханоўская заклікала не спыняць ціску на рэжым Лукашэнкі, пакуль там ня спыняцца і ня вызваляць палітычных зьняволеных. Яна нагадала, што больш за 1150 палітвязьняў застаюцца за кратамі, і амаль кожны дзень да іх дадаюцца новыя. І, падняўшы фота ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, сказала:

«Мы не павінны спыняцца, пакуль Алесь, Ігар Лосік з Радыё Свабода, лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец з хрысьціянскіх дэмакратаў — пакуль усе палітычныя вязьні ня будуць вольныя».

Ціханоўская таксама падкрэсьліла, што лёс Беларусі цесна зьвязаны з Украінай.

«Посьпех Украіны адкрые акно магчымасьцяў і для Беларусі» — сказала яна, адзначыўшы, што рэжым у Беларусі залежыць ад Расеі.

«І чым слабейшы Пуцін, тым слабейшы становіцца Лукашэнка».

Яна таксама заклікала міжнародную супольнасьць не дапусьціць таго, каб Беларусь «стала суцяшальным прызам для Пуціна», падкрэсьліўшы, што беларусы — гордая эўрапейская нацыя, якая заслугоўвае свабоды.

«Падтрымка беларускага дэмакратычнага руху — гэта не дабрачыннасьць. Гэта інвэстыцыя ў нашу агульную будучыню», — адзначыла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «VIP-кліентка» КДБ. Гісторыя швэдзкай беларускі, якую арыштавалі на радзіме і вызвалілі разам зь Ціханоўскім

Перад пятаю гадавінаю мірных пратэстаў у Беларусі яна заклікала парлямэнты выступіць з заявамі і рэзалюцыямі, каб нагадаць сьвету і Лукашэнку пра яго нелегітымнасьць.

«Мой муж кажа, што калі ты ў турме, рэжым хоча, каб ты адчуваў сябе пакінутым, што нікому да цябе няма справы. Дык давайце дакажам ім адваротнае», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціснуць ці дамаўляцца: рызыкі і перавагі розных шляхоў заходняй палітыкі