Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у саміце ў рамках ШАС як сябар арганізацыі. Міністар Рыжанкоў узяў слова


Максім Рыжанкоў (у цэнтры), побач з расейскім міністрам Сяргеем Лаўровым на сустрэчы міністраў замежных справаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Цяньцзінь, 15 ліпеня 2025 году
Максім Рыжанкоў (у цэнтры), побач з расейскім міністрам Сяргеем Лаўровым на сустрэчы міністраў замежных справаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Цяньцзінь, 15 ліпеня 2025 году

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў упершыню прадстаўляў Беларусь як сталага чальца Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) на пасяджэньні Савету міністраў замежных справаў дзяржаваў-удзельніц гэтага аб’яднаньня ў горадзе Цяньцзінь у Кітаі.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства, Максім Рыжанкоў у сваім выступе агучыў гатоўнасьць Беларусі стаць сталай пляцоўкай для мерапрыемстваў ШАС.

Паводле беларускага міністра, Менск падтрымлівае «шанхайскі дух», заснаваны на ўзаемнай павазе, роўнасьці і салідарнасьці.

Апроч таго, Максім Рыжанкоў прапанаваў разьвіваць супрацу краін ШАС з Эўразійскім эканамічным саюзам. У гэтым кантэксьце ён згадаў ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб стварэньні на эўразійскай прасторы глябальнага транзытнага хабу.

Апроч таго, у кантэксьце першапачатковай місіі ШАС — гарантаваньне рэгіянальнай бясьпекі — беларускі міністар прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваюць гэтую пляцоўку для абмеркаваньня палажэньняў Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці ў XXI стагодзьдзі.

Упершыню беручы ўдзел у афіцыйным форуме ШАС, Максім Рыжанкоў адразу заявіў, што ў арганізацыю нельга прымаць дзяржавы, «якія грэбуюць яе прынцыпамі або пераносяць на яе пляцоўку двухбаковыя праблемы». Паводле яго, прыём такіх краін у ШАС «нямэтазгодны і шкодны».

У паведамленьні МЗС Беларусі не ўдакладняецца, ці назваў Максім Рыжанкоў канкрэтную краіну.

3 ліпеня міністар замежных справаў Армэніі Арарат Мірзаян на сустрэчы з кітайскім калегам Ван І заявіў, што Армэнія падзяляе прынцыпы ШАС, а менавіта тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаваў, невыкарыстаньне сілы і непарушнасьць межаў, і выказвае жаданьне стаць чальцом арганізацыі.

Летась дачыненьні паміж Армэніяй і Беларусьсю абвастрыліся. Армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга аб канфлікце з Азэрбайджанам на сустрэчы з Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня 2024 году. Пасьля гэтага Армэнія адклікала зь Беларусі свайго амбасадара Разьміка Хумаряна для кансультацыяў. У адказ Менск вярнуў з Армэніі свайго амбасадара Аляксандра Канюка.

Нікол Пашыньян раней ня раз крытыкаваў АДКБ, у тым ліку Расею і Беларусь, за брак дапамогі падчас канфлікту Армэніі і Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху. Адначасова Ерэван стаў сыгналізаваць пра гатоўнасьць да збліжэньня з Эўразьвязам. 4 красавіка прэзыдэнт Армэніі Ваагн Хачатур’ян падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».

ШАС — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Цяпер у склад ШАС уваходзяць Расея, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. На 2022 год сакратарыят ШАС месьціўся ў Пэкіне. Рэгіянальная антытэрарыстычная структура знаходзілася ў Ташкенце.

Беларусь прынялі ў ШАС у канцы 2024 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG