Падчас візыту ў Брусэль Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з эўракамісаркай у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Мартай Кос.
У выніку гэтай сустрэчы Марта Кос анансавала новы пакет падтрымкі для Беларусі, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Анансаваны пакет будзе накіраваны на дапамогу:
- незалежным журналістам;
- праваабаронцам;
- актывістам грамадзянскай супольнасьці.
Асобна абмяркоўвалася неабходнасьць падтрымкі Беларускай службы «Радыё Свабода» і іншых незалежных мэдыя, якія надалей працуюць у выгнаньні і супрацьстаяць прапагандзе рэжыму, гаворыцца ў паведамленьні.
«Я вельмі ўдзячная нашым дыпляматычным партнэрам, якія не здаюцца разам з намі ўжо пяць гадоў. Вы ўспрымаеце Беларусь не як страчаную справу, а як надзею на перамены ў нашай краіне. Ніводная барацьба ня можа быць выйграная ў адзіночку. І я ўдзячная вам за падтрымку нашай барацьбы супраць рэжыму.
Мы становім сабой альтэрнатыву „рускаму сьвету“ і ўладзе Лукашэнкі. На гэтым шляху мы не адны. Мы з вамі, мы з усёй Эўропай. І я веру, што аднойчы мы разам адсьвяткуем нашу перамогу», — заявіла, сярод іншага, Сьвятлана Ціханоўская.
У паведамленьні Офісу Ціханоўскай адзначаецца, што «дэмакратычныя сілы Беларусі ня ўдзельнічаюць у разьмеркаваньні гэтай дапамогі — яна ажыцьцяўляецца праз адкрытыя конкурсы і праграмы Эўразьвязу».
Форум